Бачылі новы гродзенскі мурал? Калі не, шукайце яго на бульвары Ленінскага камсамолу, 29, на доме за рэстаранам “Залатое цяля”. Навошта ў спальніку Каложа, ці складана ўзгадніць мастацтва ў Гродне і чаму тут так мала муралаў, Urban Hrodna спытаў куратара праекта Алега Ларычава.
На працу над выявай на дзевяціпавярховіку сышло крыху больш за тыдзень. Па словах Алега, гэта вельмі хутка. Фарбы ж спатрэбілася звычайная для такога праекта колькасць — каля 180 кг.
Мурал на БЛК. Фота перадаў Алег Ларычаў
Аўтарам хацелася адзначыць розныя эпохі: у бурштыне на муры праглядаюцца рымскія дынарыі, якія знаходзілі ў скарбах на Гарадзеншчыне, гадзіннікавы механізм канца XV ст. (па іншых крыніцах - пачатка XVІ ст.) з фарнага касцёла, Каложская царква XII ст. Гандлёвы “бурштынавы шлях”, які сімвалізуе сам камень, закранаў тэрыторыю сучаснай Гарадзеншчыны яшчэ ў антычныя часы. Ровар ператварыўся ў сучасны, бо “дзіўна ехаць насустрач світанку і будучыні на старым ровары”. “Наш герой — сучаснік”, - патлумачыў стрыт-арцер.
У час распрацоўкі муралу глабальна канцэпцыя не змянялася. Вобраз з бурштынам, у якім захаваныя нейкія гістарычныя артэфакты, нарадзіўся амаль адразу. Тым не менш, некаторыя дэталі ад пачатку мусілі быць іншымі.
“Адпачатку ўнутры яго, напрыклад, прымяралі рэканструкцыю Фары Вітаўта. А ровар быў старажытны ад вядомай гарадзенскай фабрыкі “Nieman”. У працэсе ўдзельнікі праекта сышліся на тым, што будзе Каложская царква. Яна больш пазнавальная для гарадзенцаў і больш старажытная”, - расказаў Алег Ларычаў.
Як доўга пражыве мурал на БЛК
Вытворцы фарбы звычайна гарантуюць каля 10 гадоў. Але насамрэч шмат залежыць ад канкрэтнай сцяны і колераў, патлумачыў Алег Ларычаў. “У Гродне мы папярэдне грунтавалі сцяну, выкарыстоўвалі прэміяльную фасадную фарбу ад беларускага вытворцы Tintoll і выключна найлепшы на рынку гішпанскі спрэй”. Мастакі спадзяюцца, што выява праіснуе доўга. У любым разе яны абяцаюць бліжэйшыя пяць гадоў паднаўляць яе пры неабходнасці.
Акрамя часу, вулічнаму мастацтву заўжды пагражаюць камунальнікі. Мур для малюнка быў узгоднены з гарадскімі ўладамі. Пры гэтым яны мусілі ўлічыць планы капрамонтаў, таму зафарбоўванне ад ЖКГ бліжэйшым часам не пагражае, мяркуе куратар праекта.
Мурал на БЛК. Фота перадаў Алег Ларычаў
Самі ж мастакі ставяцца да знікнення муралаў збольшага спакойна. “Так адбываецца з розных прычын па ўсім свеце”, - зазначыў Алег.
Ці цяжка ўзгадніць стрыт-арт у Гродне
Узгадніць новы гродзенскі мурал з гарадскімі ўладамі было не цяжэй, чым у некаторых іншых гарадах Беларусі, але і не лягчэй.
“Магчыма, я ўжо прывык і мне падаецца, што ў сярэднім усё нармальна паўсюль. Я прыблізна ўяўляю, якая працэдура ў іншых краінах. Нельга сказаць, што ў нас нейкая ўнікальная сістэма. Больш за тое, у нас часта дзяржаўныя службоўцы па-чалавечы ідуць насустрач і дапамагаюць вырашыць бюракратычныя пытанні ў кароткія тэрміны”, - падзяліўся Алег Ларычаў сваім досведам.
Чаму ў Гродне амаль няма муралаў
Тым не менш, аўтарскіх роспісаў сцен з пэўнай ідэяй у Гродне практычна няма. Прычына можа быць у тым, што ў асноўным муралы робяць энтузіясты, а пачаткоўцам прабіцца складана, мяркуе стрыт-арцер. Пры гэтым у Гродне ёсць замоўленыя ўстановамі ці ўладамі роспісы, але Ларычаў не лічыць іх цікавымі.
Навошта муралы сучаснаму гораду
“У ідэале муралы надаюць гарадам адметнасць, напаўняюць гісторыямі, якія цікава разгадваць. Вядома, прасцей пераносіць на сцены малюнкі з падручнікаў ці красці чужыя працы з інтэрнэта, але цікава, калі роспісы аўтарскія, калі яны прымушаюць задумацца і пафантазіраваць. Вырываюць чалавека з будзённасці”, - перакананы стрыт-арцер.
Мурал на БЛК. Фота перадаў Алег ЛарычаўМурал на БЛК. Фота перадаў Алег Ларычаў
“Разам з "Беларусбанкам" мы зараз ствараем серыю менавіта такіх роспісаў. Гэта не рэкламныя карцінкі, яны ўсе ўнікальныя і нясуць пэўныя мэсэджы і каштоўнасці”. Мастакі намагаюцца творча пераасэнсоўваць гісторыю і фальклор тых мясцінаў, дзе яны малююць.
“Не абавязкова муралы маюць быць у цэнтры горада. Датычна Гродна - тут найперш неабходна рабіць праекты ў спальных раёнах, якія складаюцца з аднолькавых панэльных шматпавярховікаў”.
Хто аўтары малюнка (і да чаго тут "Беларусбанк")
Мурал у Гродне стаў шостым у серыі муралаў, створаных для розных гарадоў Беларусі суполкай мастакоў Urban Myths (раней Signal), якая прасоўвае ў Беларусі стрыт-арт, у партнёрстве з "Беларусбанкам". Праект Urban Myths «Традыцыі дзеля будучыні» прысвечаны 100-годдзю «Беларусбанка». Агулам запланавана 10 муралаў.
Малюнак на БЛК выканалі мастакі з Пінска Яўген Сасюра (Mutus) і Сяргей Рысакоў. У распрацоўцы ідэі і эскіза ўдзельнічалі і іншыя сябры Urban Myths. Mutus аўтар да нядаўняга часу адзінай такой буйной выявы ў Гродне - мурала «Па мару» (2014) на вул. Белыя Росы. Іншы сябар суполкі Алесь Kontra стварыў “Крумкача” (2014) у дварах на вул. Баторыя. Выяву зафарбавала ЖКГ у 2018.
"Па мару", вул. Белыя Росы
"Крумкач", цяпер зафарбаваны
Urban Myths (Signal) - супольнасць і Цэнтр падтрымкі вулічных мастакоў, імкнецца да паляпшэння гарадской прасторы ў Беларусі і актыўнасці гараджан. Супольнасць існуе з 2011 года, ладзіць акцыі MustAct-MustArt. За ўвесь час з праектам працаваў 31 мастак. Яны выканалі блізу 50 буйных праектаў у Мінску, Рагачове, Мазыры, Пінску і іншых гарадах.