• Адкрываецца доўгачаканы Дом рыбака ў Гродна: гэта рэдкі прыклад спробы аднавіць страчаны аб'ект «як было»

    Адкрываецца доўгачаканы Дом рыбака ў Гродна: гэта рэдкі прыклад спробы аднавіць страчаны аб'ект «як было»

    Гандлёвы цэнтр “На Замкавай” адкрыюць 3 чэрвеня, у першы дзень Фестывалю нацыянальных культур. Пакуль ён паўставаў, змянілася не толькі першасная ідэя, але і замоўца і праекціроўшчык. Блог Urban Hrodna пагутарыў пра доўгачаканы праект з забудоўшчыкам, краязнаўцам і архітэктарамі. 

    Дах з дахоўкі, дубовыя брамы і ручная работа

    Кампанія "Хеліас-груп" выкупіла праект будаўніцтва ў 2020 годзе, распавёў Urban Hrodna дырэктар кампаніі Віталь Хрусцель. Пасля гэтага праект карэктаваўся. Падмуркі будынкаў XVII стагоддзя, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак у канцы 2019 года, цалкам захавалі. У адным са старадаўніх падвалаў размесціцца ўстанова грамадскага харчавання або крама. Усе знойдзеныя на раскопках прадметы аддалі ў музей. 

    Копіі рыбкі, якая захавалася ад гістарычных будынкаў пасля іх зносу, на фасадзе пакуль няма. Арыгінал захоўваецца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Магчыма, пазней з'явіцца сімвалічная рыбка.

    Арыгінальная рыбка. Фота: supron-licvin.livejournal.com

    Будынкі пакрытыя глінянай чарапіцай, аканіцы, дзверы, брамы зробленыя з натуральнага дуба. Усе дэталі ўзгаднялі з Міністэрствам культуры. "Калі там былі дзверы напалову драўляныя, напалову са шкленнем і на ноч зачыняліся аканіцамі - мы гэта ўзнавілі. Калі былі драўляная брама - мы яе зрабілі, і пасадзілі на кованые завесы", - распавёў Хрусцель. Драўляныя дэталі выразалі ўручную ў Мінску, каваныя выраблялі ў Гродне.

    Хто з арандатараў з'явіцца ў памяшканнях гандлёвага цэнтра "На Замкавай", у кампаніі пакуль не ўдакладняюць. "Мы абіраем арандатараў, хочам, каб гэта былі сур'ёзныя ўстановы". Грамадскае харчаванне будзе дакладна. Паводле інфармацыі Urban Hrodna з іншых крыніц, у гандлёвым цэнтры будзе новая кропка кавярні “Крепкий чёрный”, а таксама дэгустацыйная зала віна.

    Прастора за будынкамі - рэкрэацыйная зона - яшчэ будзе мяняцца. Для яе распрацавалі асобны праект. Праца пачнецца праз пару месяцаў.

    Праект для прасторы за гандлёвым цэнтрам. Крыніца: heliosgroup.by

    Праект для прасторы за гандлёвым цэнтрам. Крыніца: heliosgroup.by

    Праект для прасторы за гандлёвым цэнтрам. Крыніца: heliosgroup.by

    Рыбка - не знак цэха рыбакоў 

    Гісторыю зруйнаванага квартала на Замкавай даследаваў гродзенскі гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон. Ён распрацаваў праект па аднаўленні страчанай забудовы, упісаўшы яе макеты ў сучасны горад. 

    Як бы мог выглядаць страчаны квартал. Крыніца: supron-licvin.livejournal.com

    “Дом рыбака так называюць памылкова. Лічылася, што гэты будынак з’явіўся ў XVI ст., і ў XVII ст. там жыў нібыта кіраўнік цэха рыбакоў. Але насамрэч гэта недакладная інфармацыя. Нядаўна ўдалося высветліць, што гэтыя тры будынкі былі ўзведзеныя ў прамежку паміж 1753 і 1782 гадамі”, - расказаў ён.

    Тое, што пад выглядам трох асобных камяніц фактычна узвялі новы будынак у гістарычным цэнтры горада, Мечыслаў Супрон ухваляе. “За выключэннем дэталяў, па-сутнасці, невялікіх, гэтыя тры будынкі з’яўляюцца на 80% копіямі тых будынкаў, якія тут знаходзіліся да сярэдзіны ХХ ст." Адзін з іх быў страчаны падчас Другой сусветнай вайны, цягам наступных дзесяці гадоў - другі. Прыкладна ў 1968 годзе быў зруйнаваны сам "Дом рыбака”.

    Страчаныя буднкі на Замкавай. Фота пачатку ХХ ст., крыніца: supron-licvin.livejournal.com

    Гістарычна крайні левы будынак з трох пераважна выкарыстоўваўся пад крамку, расказаў гісторык. Сярэдні (з рыбкай), першапачаткова з’яўляўся карчмой: у 1780 годзе там знаходзілася карчма Рагоўскага. На думку гісторыка, выява рыбы на фасадзе - сведчанне, што там было месца грамадскага харчавання. Трэці дом быў шынком. Яго падвалы захаваліся. 

    Наколькі “гістарычна” аднавілі забудову: тлумачаць архітэктары

    “Дамы вялізныя, большыя, чым павінны быць, іх проста памаштабіравалі”, - лічыць архітэктарка Алена Капытка. Яна мае досвед працы ў рэстаўрацыйных арганізацыях з 1986 года. “Можа краязнаўцам, якія не чэрцяць, гэта не відаць, але мне [бачна]”. Алена Капытка працавала над праектам фасада для капрамонта суседняга дома на Замкавай, 12. Будынак багата дэкараваны. Побач з адбудаванымі дамамі ён стаў проста зменшаным, яго знішчылі, перакананая архітэктарка. 

    Габарыты будынкаў вызначаны па гістарычных планах і фота матэрыялах з прывязкай да абмераў суседніх будынкаў, што захаваліся, пралічаны па шэрагах цэглы, якія бачныя на старых здымках, расказаў архітэктар-рэстаўратар Раман Забела, намеснік дырэктара навукова-праектнага цэнтра "Рэстабіліс". Гэтае прадпрыемства здзяйсняла навукова-метадычнае кіраўніцтва праектам да змены інвестара. Калі на стадыі будаўніцтва не было зменаў ці памылак, адноўленыя фасады па габарытах павінны быць максімальна блізкімі да гістарычнай забудовы, патлумачыў спецыяліст. 

    Праблемы адбудовы: фасады, дэталі, вуглы

    У архітэктурным плане адбудаваны комплекс мае шэраг недахопаў і неадпаведнасцяў страчаным будынкам. Напрыклад, на цэнтральнымі дамку знікла карнізная цяга пад гзымсам [гарызантальны пояс пад карнізам]. Праз гэта візуальна фасад здаецца больш выцягнутым, чым на старых фота.

    Першапачаткова фасады планавалі аднаўляць з цэглы, а ўцяпленне змясціць унутр канструкцыі. “Калі гаворка ідзе менавіта пра аднаўленне страчанага, то гістарычны фасад не павінны гучаць як барабан, калі па ім пастукаць. Зараз фасады збудавалі з сілікатных блокаў з уцяпленнем па версе. Дэкаратыўныя элементы цяпер проста навешаныя на фасад з лёгкіх матэрыялаў”, - патлумачыў Раман Забела.

    Новыя будынкі адпачаткова збіраліся ўзвесці дакладна паводле гістарычных планаў, дзе не было ніводнага правільнага кута. Гэта бы добра перадала гістарычны характар забудовы. Зараз жа будынкі ў плане ідэальна правільныя. 

    Да дэталяў і дэкору ёсць шмат заўваг. “Вокны атрымаліся больш характэрнымі для архітэктуры XIX ст., коўка занадта дэкаратыўная і звычайна размяшчалася на тыльным баку варот і дзвярэй, бо яны адчыняліся ў двор, - пералічыў архітэктар. - Манахромны каларыт фасадаў не адпавядае характару бараковай архітэктуры. З’явіўся дадатковы дэкор вакол праёмаў, а гістарычных пілястр [выступы сцяны, якия імітуюць калоны], дзе ўласна і размяшчалася славутая рыбка, няма”.

    Маглі збудаваць "этажэрку"

    Сярод вырашаных на этапе праектавання праблем важнай быў памер вылучанага пад будаўніцтва участка. Ён не адпавядаў межам гістарычнай забудовы: частка дамоў па былой вуліцы Кляшторнай проста апынулася па-за ім. Было падрыхтавана адгрунтаванне для карэкціроўкі межаў, і іх змянілі. Асноўнай жа праблемай было тое, што па ўмовах аўкцыёну ніхто не мусіў аднаўляць страчаныя дамы. “Можна было паставіць “этажэрку” на некалькі паверхаў, якая б у плане займала ўвесь участак. Таму самае галоўнае было пераканаць усіх рабіць менавіта рэгенерацыю квартала”, - распавёў Раман Забела.

    Чаму дэталі - гэта важна

    Праца з гістарычнай архітэктурай - гэта як раз праца з дэталямі, мяркуе Раман Забела. Менавіта дэталі ўтвараюць характар будынкаў, адпаведны іх часу, падсвядома фармуюць у гледача густ і стэрэатыпнае ўяўленне пра гістарычны аб’ект.

    У горадабудаўнічым і гістарычным плане Гродна атрымала важны аб’ект: адноўленыя страчаныя аб’ёмы будынкаў, фронт вуліцы Замкавай, падобныя да гістарычных па масе дваравыя прасторы паміж будынкамі, выяўлены накірунак страчанай вуліцы Кляшторнай. Рэалізаваны аб’ект нясе і пэўную адукацыйную функцыю: мы можам уявіць характар і маштаб забудовы XVII ст. і паглядзець музеіфікаваныя аўтэнтычныя падмуркі.

    З апошнім пагаджаецца і Мечыслаў Супрон. Інтэграванне старых канструкцый страчанага будынка ў сучасны новабуд ён лічыць разынкай праекту. 

    На будынках зрабілі і падсветку

    Будаваць нешта на тэрыторыі гістарычнага цэнтра можна, але толькі праз распрацоўку праекта рэгенерацыі, перакананы Раман Забела. Павінны захоўвацца, або выяўляцца страчаныя элементы гістарычнай прасторы: планіровачная структура, характар забудовы. Сучасную архітэктуру ўзводзіць магчыма, але яна павінна падпараткоўвацца гістарычнаму кантэксту. 

    Вяртанне гораду гістарычнага колеру

    Знешняе аблічча па сутнасці новых будынкаў з выкарыстаннем традыцыйных матэрыялаў - глінянай дахоўкі, белай тынкоўкі, драўляных вокнаў і ставень - вяртае гораду яго гістарычныя колеры і дэталі, лічыць гродзенская архітэктарка Алена Шчасная, навуковая кіраўнічка праектаў рэканструкцыі храмавай архітэктуры. "Гэта асабліва выйгрышна глядзіцца на фоне сучаснай сіняй або малінавай металадахоўкі, маркотнага шэрага шыферу савецкага перыяду і бясконцых "бэжавых" фасадаў з аздабленнем тыпу "караед"".

    “Такі падыход мае месца для гістарычных гарадоў, калі страчаныя будынкі складалі нейкі ансамбль або комплекс, мелі адметныя "імянныя" дэталі. Рашэнне архітэктуры гэтых будынкаў сучаснымі стылізаванымі сродкамі будзе кепска счытвацца гараджанамі ў параўнанні з арыгіналам на старых фота. Гэта спроба вяртання "духу месца”, хай і крыху наіўная. Бо нельга адрадзіць жыццё ў мінулых стагоддзях, таму любы адноўлены будынак будзе сучасным, так як і сапраўднасць немагчыма паўтарыць (ручны выраб матэрыялаў, тэхналогіі і рамёствы майстроў), і мы гэта ўсё адчуваем і бачым”. 

    А ці трэба аднаўляць “як было”? Тры ўзроўні праблемы

    Д’ябал крыецца ў шчагулах, нагадаў Urban Hrodna спецыяліст у ахове спадчыны, гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка, старшыня праўлення Беларускага камітэта ICOMOS. 

    Адзін з ідэолагаў адбудовы гістарычнага цэнтра Варшавы, прафесар Ян Захватоўскі, ужо ў 1964 годзе стаў суаўтарам і падпісантам Венецыянскай хартыі - дакумента, што адназначна негатыўна трактуе цэласныя аднаўленні, акурат такія як дамы на Замкавай, распавёў ён. “Згодна з агульнапрынятым у асяроддзі спецыялістаў падыходам, усё, што аднаўляецца, мусіць выглядаць сучасна, каб ніхто не блытаў сапраўдную аўтэнтыку з новабудамі. У гэтым сэнсе новыя архітэктурныя формы, а таксама тое, што будуе спадар Сямашка, цалкам адпавядае методыцы. А новабуды на Замкавай выглядаюць праблематычна. Хтосьці адразу зразумее іх сучаснасць, але большасць людзей - наўрад ці”.

    Наступны ўзровень праблемы - эстэтычны, мяркуе ён. “Праект можа адпавядаць якой заўгодна хартыі, але быць папросту безгустоўным ці не ўпісвацца ў атачэнне. А можа быць і праект някепскі, але фактычнае яго выкананне ды эксплуатацыя руйнуюць усе задумы. Агідныя шыльды, кепская падсветка, дзіўны выбар устаноў, якія там будуць месціцца - прыкладаў у нашым горадзе хапае. Пра дамы на Замкавай тут пакуль рана казаць - хутка ўсё высветліцца”.

    Трэцім ўзроўнем у працы са спадчынай Сцяпан Стурэйка лічыць камунікацыю. “За яго праекту на Замкавай стаўлю высокую адзнаку. Можна параўнаць з адбудовай Старога замку, які таксама небясспрэчны з гледжання методыкі, але абсалютна правальны з гледжання абмеркавання, супольнага вырашэння канцэптуальных праблем, адчування далучанасці зацікаўленых грамадзян да працэса. На Замкавай былі і запрашэнні паўдзельнічаць у раскопках, і кансультацыі з краязнаўцамі, і ўдзел у грамадскіх конкурсах. Усё гэта стварае сапраўды пазітыўны вобраз новай будоўлі”.

    ...І іншыя праблемы: паркоўка

    Узвядзенне новых будынкаў ў цэнтры горада закранае не толькі ўспрыманне гістарычнага выгляду Гродна. Адкрыццё гандлёвага цэнтра "На Замкавай" можа пагоршыць сітуацыю з паркоўкай, дапускае адзін з уласнікаў бізнесу, размешчанага на гэтай вуліцы. Сам ён смяецца, што заўсёды прыпаркуецца, бо “месцы ведаць трэба". Але тым, хто не ведае, ужо зараз даводзіцца цяжка: "Усе хочуць пад'ехаць пад самы ўваход. Або блакуюць уезд да дому быту, а ты круціся, як хочаш". Вырашыць праблему можна, на яго думку, выпрабаваным на Захадзе метадам. "Рабіць платны ўезд у цэнтр, пешаходныя вуліцы. Людзі хоць хадзіць навучацца".

    Ідэю пешаходнасці Замкавай абмяркоўваюць ужо даўно. Яшчэ ў 2016 годзе гісторык Алесь Хацько казаў, што добрым варыянтам было б зняць асфальт і цалкам або часткова аднавіць захаваную пад ім брукаванку. Паводле праекта дэтальнага планавання цэнтра Гродна, які зацвердзілі ў 2021 годзе, Замкавая ў будучыні мусіць стаць цалкам пешаходнай.

    Пакуль жа ля цэнтра "На Замкавай" стварылі некалькі новых парковачных месцаў. Частка з іх выкладзена рашэцістай эка-пліткай. Зараз ячэйкі запоўненыя жвірам, з часам ў іх прарасце трава.

    Паркоўка каля гандлёвага цэнтра належыць гораду, але інвестар зрабіў яе за свок кошт

    А можа трэба было пакінуць сквер?

    Да 2019 года перад Домам быту быў невялікі сквер. Кампенсацыйныя пасадкі у кошт знішчанай зялёнай зоны перанеслі ў двары паміж вуліцай Савецкай (за помнікам Сакалоўскаму) і гістфакам на Кастрычніцкай. Там праклалі дарожкі, пасадзілі дэкаратыўныя віды дрэваў, паставілі лавачкі з кветнікамі. Мяркуючы па зарослай травой плітцы і нешматлюднасці, ён не стаў у гродзенцаў папулярным месцам адпачынку. 

    “Сквера шкада, але асабіста я яго не вельмі і памятаю, - расказала Urban.Hrodna жыхарка цэнтра Алена. - Але ў яго былі пэўныя якасці: гэта быў даволі невялікі сквер па памерах, размешчаны непадалёк ад Савецкай плошчы. Як і плошча, гэта грамадская прастора, але больш лакальная і ўтульная”. Арганізацыю новага сквера ў дварах яна лічыць не надта добрым рашэннем. “Двор гэта двор, там павінна быць зусім прыватна. Мне не падабаецца, што ў маім двары таксама ёсць функцыі сквера. Гэта пазбаўляе цішыні і ўтульнасці”.

    Вуліца Замкавая. Фотаздымак 2019 г. А.Саенкі

    Меркаванні чытачоў у Facebook наконт скверу падзяляюцца. Нехта лічыць, што сквер на Замкавай не карыстаўся папулярнасцю і яго “ніхто не ўзгадае”. “Цудоўная праца, горад атрымаў, што рэдка бывае, ўпрыгожванне”, - напісаў пра новыя будынкі на яго месцы Анатоль Шымановіч. Нехта вельмі шкадуе сквер.лічыць рашэнне пра будоўлю Памылкай горадабудаўнікоў назвала новабуды экскурсавод Наталля Храброва.

    Гісторыя будаўніцтва

    Дом рыбака і суседнія пабудовы знеслі да 1960-х гг., каб узвесці Дом быту. Ад забудовы засталася толькі рыбка з бакавога фасада дома. На момант зносу Дом рыбака быў, верагодна, самым старым мураваным жылым домам у Гродна. Краязнаўца Ігар Лапеха называў квартал адным з самых старых у Гродне, які пазбегнуў разбурэнняў і рэканструкцый.

    У 2017 годзе ўчастак ў 0,15 га перад Домам быту купіла кампанія "ДТ-груп". Яе ўладальнік - літоўскі інвестар, якому на той момант належыла сетка піцэрый "Піца&Кава” і павільёны “Z-маркет" на прыпынках. Праектам занялася кампанія "ВКЛ-праект", якая раней распрацоўвала праектную дакументацыю пабудовы Генеральнага консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне, ТЗЦ «Triniti» і праект рэканструкцыі гасцініцы “Гродна".

    “У 2017-2018 годзе, калі было вядома, што гэты ўчастах хочуць прадаць пад узвядзенне трохпавярховага гандлёвага цэнтра, гэта вельмі занепакоіла ў першую чаргу гісторыкаў, - узгадвае Мечыслаў Супрон. - Дзякуючы ўзнятай у СМІ тэме ўдалося пераканаць інвестараў, што варта менавіта аднаўляць страчаныя будынкі, а не ўзводзіць там сумніўны па архітэктуры навабуд”.

    Інвестар вырашыў аднавіць так званы Дом рыбака і два суседнія дамы. Пры гэтым у 4 разы страціў у плошчах (з першапачатковых 2700 кв. м да 670 кв. м), зазначаў тады праекціроўшчык "ВКЛ-праект" Арцём Траццяк. У канцы 2019 года на ўчастку правялі археалагічныя раскопкі. Падчас іх выявілі падмуркі трох дамоў мяжы XVII-XVIII стагоддзяў.

    Праект гандлёвага цэнтра "на Замкавай" у 2021 годзе ўвайшоў у лонг-ліст конкурса ICOMOS «Спадчына ў дзеянні». Ён удзельнічаў у намінацыі “Лепшы новы архітэктурны праект у гістарычным асяроддзі”. Праўда, перамог у выніку іншы праект.

    Ці палюбіцца праект гарадзенцам - пакажа час, лічыць Сцяпан Стурэйка. “Кожны са спацыялістаў - архітэктары, гісторыкі, будаўнікі, бізнэсмены - дадуць яму кампетэнтную ацэнку са сваёй званіцы. На месцы кіраўнікоў гарадской архітэктуры я б вельмі ўважліва назіраў за тым, як будзе жыць пабудова, - зазначае ён. - Тады ўжо рабіў бы высновы, ці працягваць гэты эксперымент на іншых вуліцах, што трэба змяняць у заданнях на праектаванне і этак далей. Так гарады і развіваюцца!”

    За некалькі дзён да адкрыцця

     


    Читайте по теме:


    Комментирование записи закрыто!

  • В результате аварии две женщины-пассажирки получили телесные повреждения различной степени тяжести и были доставлены в больницу.

    На чемпионате будут представлены выступления в пяти танцевальных стилях: HIP-HOP, POPPING, LOCKING, STREET SHOW и HOUSE. Вход свободный.

    С порога женщина устроила мужу сцену ревности, а затем и вовсе заявила, что он не полностью принадлежит ей.

    Оцените способы переброски контрабанды в Литву, которые используют белорусы. Это и шар с грузом, а также самодельный грузовой коптер.

    Машины попадали в Беларусь как временно ввезенные, затем на них устанавливали поддельные российские номера и продавали.

    Ранее мошенники звонили с иностранных номеров. Теперь стали известны факты звонков с белорусских номеров с использованием SIM-карт, попавших к неизвестным лицам обманным путем.

    В связи с ростом производственных мощностей ООО «СПЕЦСЕРВИС-БДА» в своём коллективе ждёт швей и специалистов по продажам. Зарплата от 2000 рублей + соцпакет и медстраховка.

    Все новости