Блог Гродно s13

Унікальны скарб часоў старажытных готаў знойдзены пад Лідай. Што пра яго вядома?

Калекцыю срэбраных прадметаў, пакрытых пазалотай, знайшлі ля вёскі на поўнач ад Ліды. Гэта рэчы, якія, верагодна, пакінулі па сабе готы: вайсковыя трафеі, вырабленыя на тэрыторыі позняй Рымскай імперыі: у ІІ-IV стагоддзях нашай эры. Пра іх піша budzma.org.

Калекцыя прадметаў была знойдзеная так званымі «чорнымі капальнікамі» некалькі год таму. Зараз артэфакты знаходзяцца на тэрыторыі Еўрасаюза ў прыватнай калекцыі. Уласнік дазволіў адфатаграфаваць і апісаць рэчы, але не збіраецца ў бліжэйшай перспектыве вяртаць іх у Беларусь.

Праблема ў тым, што не ўсе прадметы ўдалося захаваць. Апроч срэбраных рэчаў капальнікі знайшлі некалькі залатых прадметаў, якія... здалі на лом каштоўных металаў. Гучыць жудасна, але атрымалася менавіта так. Апроч гэтага быў знойдзены срэбраны дэнарый Марка Аўрэлія (імператар Рыма ў 161–180 гадах). Ён застаўся на руках у асобаў, якія знайшлі скарб.

Што ўяўляе з сябе скарб?

02_DSC_0522.jpg

Гэта дзесяць прадметаў, зробленых са срэбра. Накладкі, фібула і прадметы нявызначанага функцыяналу. Найбольш характэрны артэфакт мае на сабе антрапаморфную выяву чалавека і пачвары (цмока?..). Магчыма, гэта міфалагічны сюжэт. Цікава, што чалавек і пачвара выяўленыя максімальна схематычна, але профіль мужчыны — даволі дакладны. Магчыма, яго «перамалёўвалі» з манетаў часоў Рымскай імперыі.

03_DSC_0515.jpg

04_DSC_0555.jpg

Усе прадметы пакрытыя пазалотай. Што гэта магло быць? З вялікай верагоднасцю — дэталі даспеха або рытуальнай маскі. Нешта падобнае насілі правадыры варварскіх плямёнаў ды высокія рымскія афіцэры. Зразумела, падобныя рэчы не мог сабе дазволіць звычайны чалавек.

05_DSC_0537.jpg

Чаму прадметы патрушчаныя?

Ёсць дзве версіі.

Паводле адной, усё гэта — плён перадзелу вайсковых трафеяў. Умоўныя готы або мясцовыя найміты вярнуліся з паходу (у Фракію ці Прычарнамор’е) і падзялілі здабычу. Банальна парэзалі прадметы з каштоўнага металу. Нехта захаваў усё гэта ў якасці скарбу-хованкі. Праз больш чым 1500 гадоў скарб распахаў трактар, а артэфакты знайшлі «чорныя капальнікі».

07_DSC_0571.jpg

Другая версія больш цікавая. Старажытныя германцы мелі характэрны звычай, які фіксуецца археолагамі ад Скандынавіі да Прычарнамор’я: у якасці падзякі багам за ўдалы паход германцы трушчылі і тапілі ў балотах (ці рэках) каштоўныя прадметы. То-бок — мячы, упрыгожанні, раскошу. Прадметы знішчаліся рытуальна. Таму акурат гоцкія мячы, якія знаходзяць у Беларусі ці на Падляшшы, зазвычай пагнутыя ці паламаныя.

06_DSC_0546.jpg

Безумоўна, скарб патрабуе больш дэтальнага вывучэння. Разам з тым уласнік палічыў, што варта даць інфармацыю пра знаходку, каб яна была ў навуковым ужытку. Некалі скарб вернецца ў Беларусь, а пакуль — можам хаця б на фота ацаніць фантастычныя прадметы, якія былі «на руках» у нашых продкаў больш за 1500 год таму.

Категории: клад, мова, Лида, интересно почитать, история