Блог Гродно s13

Што будуюць на Савецкай у цэнтры Гродна і што там было раней

У ліпені 2022 года ўчастак выкупіў Станіслаў Сямашка, уласнік двух суседніх будынкаў. Па ўмовах аўкцыёну тут мусіць з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Будынак мусіць быць 2-павярховы з мансардай. Неабходна ўлічыць знешні выгляд і канфігурацыю страчанай забудовы, якая тут была раней, пiша Urban Hrodna.

Праект будучага будынка размясцілі на банерах на плоце вакол будаўнічай пляцоўкі.

Левая частка новага будынка, якая выходзіць на Савецкую, будзе знешне падобнай да страчанага аб'ёма канца XIX ст.. Правая, насупраць турмы, будзе з элементамі "мадэрна”, панарамнымі вокнамі і часткова празрыстым дахам.

Вось такі будынак збіраюцца ўзвесці на Савецкай

А так выглядаў першы варыянт праекта будынка - у стылі суседняга спрэчнага палаца-новабуда на Калючынскай.

Гэты праект не ўхваліў Мінкульт, яго адправілі на дапрацоўку.

Памеры надзела і будынка не супадаюць

Ёсць істотны нюанс - дом Лапіна, які стаяў на гэтым месцы ў кан. ХIХ века (моцна перабудаваная камяніца Вольмера 1783 г. пабудовы), быў амаль удвая большым за прададзены пад будоўлю ўчастак. На гэта звярнуў увагу гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон.

Камяніцы Вольмера (чырвоны колер) і Валовіча (сіні колер) канца XVIII ст. пасля пажару 1885 г. былі перабудаваны і ўключаны ў адзін вялікі аб'ём з надбудовай другога паверха (жоўты колер). Аўтар выявы - Мечыслаў Супрон

У 2021 г. гродзенскі гісторык Алесь Хацько знайшоў у Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук малюнак і план дома купца Лапіна за 1873 г. На ім бачна частка будынка, якая прымыкала да дома Мураўёва. Будынак мае рысы барока (абрамленне вокнаў, высокі чатырохсхільны дах) і класіцызму (франтон над цэнтральнай часткай, калоны пры ўваходзе).

Знойдзеная ў 2021 г. выява

З улікам гэтага, новабуд на Савецкай мусіў бы выглядаць па-іншаму:

Рэканструкцыя страчанага будынка, зроблена Сяргеем Шчукіным на аснове абмернага малюнка і архіўнай інфармацыі

Категории: мова, Гродно, Семашко, строительство, история