Блог Гродно s13

Прывіды Старога Замка: Пра якія полтэргейсты 100 гадоў таму пісалі гродзенскія газеты

У пачатку 1920-х гг. адна з гродзенскіх газет апублікавала артыкул “Таямніцы Гродзенскага Замку”. Стары замак тады яшчэ не быў музеем, ім валодалі спачатку расійскія, а пасля польскія вайскоўцы. Тут быў, напрыклад, гатэль для камандзіровачных афіцэраў.

Кожны няхай сам робіць высновы, што ў ім праўда, а што - спараджэнне салдацкай п’янай фантазіі. 

“Наш Гродзенскі Стары Замак, таксама як і іншыя помнікі даўняга мінулага, закрывае ад нас таямнічай мглой праявы патустаронняга жыцця, якія пульсіруюць у ягоных мурах. Свет прывідаў, духаў для нас недаступны. Яго могуць бачыць толькі адзінкі. Але ўсялякая звязаная з яго з’яўленнем праява з часам акружаецца легендамі, кожная з якіх больш неверагодная за папярэднія.

Некалькі дзён таму па горадзе разышлася гісторыя, што палкоўнік Н., які жыў у афіцэрскіх пакоях на Старым замку, прачнуўся пасярод ночы і пабачыў у дзявярах вялізную постаць у рыцарскіх даспехах, якая растварылася ў паветры пасля таго, як палкоўнік разбудзіў сваіх таварышаў.

Мы звярнуліся непасрэдна да самога пана палкоўніка, каб даведацца пра некаторыя падрабязнасці. Ён праясніў, што рыцара не бачыў, але і ён і яго калегі ўсе ўчатырох прачнуліся ноччу ад таго, што іх быццам бы нехта душыў. Уражаныя такім патустароннім эксперыментам, усе афіцэры проста пасярод ночы пакінулі гасцінныя пакоі Дома Афіцэра.

У сувязі з гэтым з замка тэрмінова выселіўся і ўладальнік буфета пры Доме Афіцэра, які паведаміў, што толькі цудам выратаваўся ад смерці шляхам задушэння. Ён бачыў нейкую надзвычайную істоту, якая падыйшла да яго і паклала яму руку на вусны, каб задушыць.

У сувязі з гэтым мы сабралі звесткі пра падобныя гісторыі ў далёкім і бліжнім мінулым. Замкавы стораж, які жыве ў браме, апавядае, што некалькі месяцаў таму перад ім з’явіўся нейкі рыцар і засведчыў, што ў Замку схаваны скарб, пасля чаго ўзяў яго за руку і завёў у замкавыя падвалы, паказваючы дакладнае месца, дзе быццам ляжыць скарб.

Стораж, прачнуўшыся, пачаў пошукі скарбу ва ўказаным месцы, аднак змушаны быў спыніць пошукі, паколькі грунт пад нагамі пачаў вагацца і асыпацца.

Афіцыянт у сталоўцы Дома Афіцэра расказаў такі факт, што ў расійскія часы тром афіцэрам нейкая постаць перайшла дарогу на замкавых прыступках і не ўпусціла іх унутр будынка. Афіцэры з аголенымі шаблямі хацелі прабіцца ўнутр, але нічога не ўдавалася, пакуль не збеглася замкавая служба і пасля паднятага гучнага крыку істота з патустаронняга свету знікла.

Прыхільнікі акультызму маюць план арганізаваць у Замку сеанс, каб здабыць у старых руінаў іх таямніцы”.

Категории: мова, Гродно, Старый замок, история, легенда