Блог Гродно s13

Трынаццатага чэрвеня ў аграгарадку Адэльск пад Гродна пройдзе фэст, які ніколі не пераносіцца

— Гэта адно з тых святаў, якое ніколі не пераносіцца, - адзначае намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. — Яго святкуюць у аграгарадку толькі ў гэты дзень — 13 чэрвеня. Гэта звязана з днём памяці святога Антонія Падуанскага, які лічыцца ахоўнікам Адэльска.

Выява святога прысутнічае на гербе аграгарадка, прынятым амаль 10 гадоў таму ў адпаведнасці са старажытнымі запісамі. Іх знайшоў настаяцель мясцовага касцёла. Тады ж усталявалі бронзавы помнік ахоўніку вёскі.

Цікавы факт — статуя святога з'явілася не на тэрыторыі храма, а за яго межамі, і гэта рэдкі выпадак у адносінах да помнікаў святым.

Адэльск — унікальнае месца. Ціхая вёска на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца з кожным годам усё больш знакамітай. Гэта адзіная вёска ў Беларусі, дзе захоўваюцца два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А мясцовы храм з'яўляецца помнікам старажытнага драўлянага дойлідства. Гэта адзін з двух каталіцкіх храмаў, якія пабудаваны ў першай палове ХVІІІ стагоддзя без адзінага цвіка. Тут захоўваецца ікона святога Антонія, якая лічыцца цудадзейнай. Многія жыхары могуць расказаць, як прапаведнік дапамагае ў цяжкую хвіліну.

Яшчэ аграгарадок знакаміты, дзякуючы дудкам майстра Скрамблевіча.

- І гэта не проста дудкі, а самабытныя інструменты, -- распавядае Наталля Рамановіч. -- Іх у народнага майстра-музыкі не пералічыць. Тут і флейты, і акарыны, і ражкі, і свістулькі, і жалейкі, і нейкія клякоткі-трашчоткі...

Самабытная творчасць майстра ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Але «Адэльскі фэст» яму асабліва дарагі, бо тут ён можа зайграць для сваіх землякоў, якія яго паважаюць і ганарацца ім.

Падчас фэсту ў Адэльск з'язджаюцца да сваіх бацькоў дзеці з горада, і ў гэты дзень іх чакае унікальная мясцовая кухня. Адэльскія гаспадыні аддаюць перавагу цёртай бульбе, з якой гатуецца нямала страў.

Раней такога маштабнага свята ў гэты дзень не было. Пасля службы ў касцёле ўсе разыходзіліся па сваіх дамах. З цягам часу наладзілі свята вёскі. У гэты дзень праўленне мясцовай гаспадаркі, прафсаюзныя арганізацыі ўзнагароджваюць найлепшых работнікаў, перад жыхарамі выступаюць мясцовыя калектывы і беларускія зоркі.

Категории: Одельск, фестиваль, дата, мова