Блог Гродно s13

У Мураванцы пачалося аднаўленне царквы Раства Прасвятой Багародзіцы

На мінулым тыдні пачалося аднаўленне царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы, пiша dzyannica.by.

Зараз завяршаецца ўсталяванне рыштаванняў вакол храма і пачынаецца ачыстка цэглы з паралельнай рэстаўрацыяй тынкоўкі. Плануецца таксама правядзенне лакальнага рамонту меднага даху. Важнай часткай аднаўлення стане поўная замена вадасцёкавай сістэмы.

Справа ў тым, што памер жолабаў і дыяметр труб не адпавядаюць патрабаванням архітэктурнай каштоўнасці. Зараз сістэма не спраўляецца з прыёмам вялікай колькасці вады, гэта ў сваю чаргу мае разбуральны эфект для ўсяго будынка.

Аднаўленчыя працы на аб’екце выконваюцца сіламі ТАА “СМП-128”. Гэтая арганізацыя з Мінска мае добры досвед у працы з архітэктурнай спадчынай. Так, у спісе адрэстаўраваных аб’ектаў “СМП-128”, маецца комплекс будынкаў на плошчы Свабоды і галоўпаштамт у Мінску, палац у Жылічах. Зараз арганізацыя завяршае працы ў Жыровіцкім манастыры.

Планамі і нюансамі аднаўлення царквы-крэпасці ў Мураванцы з намі падзяліўся прадстаўнік ТАА “СМП-128” непасрэдны вытворца прац на аб’екце Міхаіл Хілько:

– Зараз мы актыўна вывучаем праблемы гэтага аб’екта. Для аднаўлення царквы мы плануем задзейнічаць шэраг майстроў: восем тынкоўшчыкаў, дваіх цесляроў і дваіх страхароў. Па выніках нашага абследавання мы вырашым, які аб’ём працы будзем выконваць. Акрамя аднаўлення даху і фасадаў мы плануем таксама рэстаўрацыю крыжоў, што знаходзяцца на храме. Працы такога кшталту мы ўжо выконвалі ў Жыровічах.

Категории: церковь, реставрация, Щучин, новости, мова