Назва Новага моста на Паповіча - зусім не “Новы”, а на гэтым месцы раней быў яшчэ адзін мост. Пабудавалі яго, дарэчы, побач з трасай для мотакроса. Тэлеграм-канал Hrodna 11:27 узгадвае гісторыю моста, які нядаўна закрылі на рэканструкцыю - першую з 1971 года.
Новы мост - не першы ў гэтым раёне
У пачатку ХХ стагоддзя праз Нёман, паміж сучаснымі вуліцамі Герасімовіча і Нёманскай, праклалі драўляны мост. Ён меў вайсковае значэнне, бо дарога, якая праз яго ішла, вяла да земляных фартоў. Адзін з іх і сёння можна знайсці ў лесапарку Пышкі, а другі некалі быў у раёне вуліцы Багуцкага.
Той драўляны мост руйнавалі двойчы. Першы раз - у 1920 годзе, падчас савецка-польскай вайны. Яго хутка аднавілі інжынеры сапёрных частак польскага войска. Калі мост зруйнавалі другі мост - невядома. Але яго слупы захаваліся ў вадзе дагэтуль. Калі Нёман робіцца плыткім, напрыклад летам, паміж выспай і правым берагам ракі можна ўбачыць драўляныя слупкі, якія тырчаць з вады.
Выспа на Нёмане каля Новага моста штучная. Яе насыпалі будаўнікі, каб накіраваць плынь ракі паміж двух апораў Новага моста. Пратока паміж выспай і правым берагам не мае судаходнага значэння, таму слупкі драўлянага моста не сталі дэмантаваць.
Будаўніцтва адбывалася павольна
У другой палове 1960-х гадоў чыноўнікі прынялі рашэнне збудаваць мост праз Нёман у раёне вуліцы Паповіча. Будаўніцтвам займаўся “Мостаатрад-58”. Паводле расповедаў краязнаўцы Віктара Саяпіна, будаўніцтва адбывалася павольна, у адну змену, у працоўных былі выхадныя і святочныя дні.
“Балкі Новага моста паміж сабой злучаны так, што яны рухаюцца адна адносна другой. Таму мост увесь час знаходзіцца ў руху, гэта нармальна, так прадумана. Калі вы ідзеце па мосце і побач праязжае цяжкі грузавік, то можа стварыцца ўражанне, што вас падкідвае”, - сказаў гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.
У даўжыню мост атрымаўся 300 метраў, а ў шырыню - больш за 20
У пачатку восені 1970 года будаўнікі паклалі першыя чатыры маставыя фермы на цэнтральным пралёце і абодва берагі злучыліся. У даўжыню мост атрымаўся 300 метраў, а ў шырыню - больш за 20 метраў. У эксплуатацыю мост увялі ў 1971 годзе. Побач з ім добраўпарадкавалі берагі і арганізавалі спускі для пешаходаў да ракі з кожнага боку моста.
Новы мост не планавалі назваць “Новым”
Планавалася, што праспект Будаўнікоў пракладуць да моста і ён стане часткай “Паўночна-Заходняга” кола вакол Гродна. Таму мост назвалі “Мост Будаўнікоў”. Але кола так і не сфармавался, а назва моста не прыжылася. Падчас запланаванага будаўніцтва новага мікрараёна “Вясенні” праспект Будаўнікоў усё ж плануюць працягнуць і злучыць з Новым мостам.
Мост пабудавалі на месцы трасы для мотакроса
Месца пад будаўніцтва моста абралі ў раёне яўрэйскіх могілак. Побач была пракладзена траса для матацыклетных гонак, якія там адбываліся традыцыйна. Матакрос праводзілі нават падчас будаўніцтва моста! А калі рух па мосце яшчэ не адкрылі, гледачам ужо дазвалялі назіраць за гонкамі з моста.
Рейдовые группы ГАИ будут пресекать нарушения ПДД байкерами. При этом будут применяться негласный и смешанный контроль за дорожным движением, в том числе с привлечением мотопатрулей.