• Царква Усіх беларускіх святых стаіць на месцы масавых расстрэлаў

    Царква Усіх беларускіх святых“Збудавалі царкву разам!” – надпіс на агароджы немагчыма не заўважыць пры ўездзе ў Гродна. У будаўніцтве храма, дзе службы адбываюцца па-беларуску, чынны ўдзел браў гарадзенскі бізнесовец і краязнавец Валянцін Дубатоўка. З ім карэспандэнт сустрэўся каля царквы. Чыя гэта была ініцыятыва – збудаваць царкву Усіх беларускіх святых? Гаварыць пра сябе як пра галоўнага ініцыятара, ды яшчэ ў царкве, не варта. Усё адбывалася паводле Божага провіду. Спачатку стварылася ініцыятыўная група, куды ўваходзілі мы з маім сябрам Віктарам Каладзкім. Трэба было выбраць месца для будаўніцтва, знайсці бацюшку, каб ён быў, безумоўна, беларускамоўны і ставіўся прыхільна да беларушчыны. Будаўніцтва пачалося ў канцы 90-х. Царква Усіх беларускіх святых Валянцін Дубатоўка Прызнаюся, было цяжкавата. Мы ад пачатку не збіраліся будаваць невялічкую цэркаўку, каб адзначыцца, а была задума збудаваць храм Усіх беларускіх святых, каб яго бачылі здалёк. Сродкаў было патрачана шмат, але гэта не толькі нашыя сродкі. Мы былі толькі пачынальнікамі, а потым далучыліся да гэтай справы другія прадпрымальнікі, нават некаторыя дзяржаўныя фірмы давалі грошы. Царква стаіць у вельмі неспакойным месцы – на скрыжаванні вуліцы Янкі Купалы і дарогі на Ваўкавыск, Масты, Слонім. Чаму менавіта тут было вырашана збудаваць царкву? На гэтым месцы, у лясочку побач з царквой, у час Другой сусветнай вайны загінула вельмі шмат вайскоўцаў. Да таго ж, пасля вайны, тут недалёка прайшла дзяржаўная мяжа – проста па людзях, па сэрцах, разбіла шмат сем’яў. Людзі хадзілі праз мяжу да сваякоў, а іх лавіла НКВД і расстрэльвала. Тут шмат забіта народу, пераважна людзей бязвінных. Іх пасля вайны лічылі шпіёнамі, а гэта былі звычайныя людзі. Іх тут вельмі шмат забіта. Гэтае месца – нашыя гарадзенскія Курапаты. Царква Усіх беларускіх святых Царква ўсіх беларускіх святых нават на першы погляд адрозніваецца ад сучасных праваслаўных стандартаў. Вы настойвалі на гэтых архітэктурных адметнасцях? Царква ўяўляе з сябе сучасную копію былой Каложы. Не цяперашняй Каложы, а старадаўняй. Усе атрыбуты, якія мы тут цяпер бачым, нагадваюць старую Каложу. Нават купалы, хоць былі, скажам так, настойлівыя прапановы паставіць “цыбуліны”, захоўваюць адметны візантыйскі стыль, чым і была адметная Каложа. І самае галоўнае — крыж Еўфрасінні Полацкай, вымураваны на фасадзе храма. Ён з’явіўся дзякуючы дабраславенню архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Сёння ўсе, хто ўязджае ў Гродна з боку Ваўкавыска і Беластока, і ўвесь горад бачаць, што на царкве Усіх беларускіх святых – Еўфрасіннеўскі крыж. А якая мова выкарыстоўваецца ў царкве падчас службаў? Беларуская і расейская. З дабраславення Уладыкі Арцемія, з удзелам айца Анатоля Ненартовіча ў Гродне беларускамоўныя службы былі распачатыя найперш у Каложы, а потым і ў гэтым храме. І трэба адзначыць, гэта быў першы выпадак у Беларусі, калі сам архіепіскап правіў па-беларуску. Спачатку думалі, што людзі не будуць хадзіць на беларускія службы, што будуць супраціўляцца. Але нічога падобнага не было. Людзі хадзілі, і ніхто ніколі не запратэставаў супраць беларускай мовы ў царкве. Царква Усіх беларускіх святых Спачатку маліліся каля асвечанага крыжа, які быў прынесены сюды з Каложы хрэсным ходам. Тут быў невялічкі прыходзік, айцец Анатоль служыў пад дажджом, збіралася па 5-6 чалавек. А сёння, калі мы ідзем хрэсным ходам ад Каложы да царквы Усіх беларускіх святых, да нас далучаюцца тысячы людзей! Беларуская мова – не горшая за старажытнаславянскую ці царкоўнаславянскую. У наш храм прыходзяць і людзі, якія ўсё жыццё маліліся па-расейску, але прывыкаюць, і ў іх аніякіх пытанняў не ўзнікае. Я заўважыў, што нават звычайныя шыльдачкі ў царкве напісаныя па-беларуску, што вялікая рэдкасць для праваслаўных храмаў. Тут трэба выказаць падзяку айцу Анатолю Ненартовічу і маладым святарам, якія тут служаць. Яны ўвесь час падкрэсліваюць, што гэта храм Усіх беларускіх святых. Вакол царквы мы бачылі агароджу, на якой ад самага пачатку было напісана: “Пабудуем царкву разам!”. І ніхто не сказаў, што трэба было напісаць па-расейску ці на якой іншай мове. Царква Усіх беларускіх святых А цяпер надпіс трохі іншы: “Пабудавалі царкву разам!”. Тут усё арганічна. Калі бацюшка адчувае сябе часткай гэтага народу, ён павінен гаварыць па-беларуску. Але збудаваны з вашай дапамогай храм належыць Расейскай праваслаўнай царкве, фактычна – другой дзяржаве. Вас гэта не бянтэжыць? Тут я не згодзен. Царкоўны будынак знаходзіцца на беларускай зямлі, і забраць яго ніхто не зможа, нават калі б вельмі хацеў. На фасадзе храма вымураваны Еўфрасіннеўскі крыж – і гэтага забраць ніхто не зможа. Нам, гарадзенцам, вельмі пашанцавала, што Уладыка Арцемій вельмі прыязна ставіцца да ўсяго беларускага. Ён шмат што зрабіў у гэтым сэнсе. Таксама і айцец Анатоль, калі казаць пра гэтую царкву. Як вы лічыце, ці мае будучыню ў нашай краіне Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква? Я падтрымліваю ідэю аўтакефальнай царквы. Хоць сёння ў нас рэчаіснасць такая, што Беларуская праваслаўная царква адносіцца да Маскоўскага патрыярхату. І гэта трэба ўлічваць. Вы неаднойчы згадалі архіепіскапа Арцемія. Нядаўна выйшла ў свет кніга ягоных беларускамоўных пропаведзяў. Як вы думаеце, ці стане дзейнасць Уладыкі Арцемія добрым прыкладам для ўсіх астатніх епіскапаў? За епіскапаў мне цяжка адказваць. Але я лічу, што Гарадзеншчына павінна быць удзячная Госпаду Богу, што ў нас ёсць уладыка Арцемій. Гэта чалавек, які глядзіць на некалькі крокаў наперад. Гэта чалавек будучыні, які разумее, што будучыня – за беларушчынай. Ён не толькі сам гаворыць па-беларуску, але і бацюшкам прышчапляе любоў да ўсяго беларускага. Дай яму Бог здароўя! Вы неяк расказвалі, што каб прыцягнуць моладзь да царквы, даводзілася займацца самай рознай каляцаркоўнай дзейнасцю. Што гэта была за дзейнасць? Цяпер мая дапамога тут ужо непатрэбная, бо пры царкве склаўся свой асяродак, які займаецца і каляцаркоўным жыццём. Але раней з дабраславення архіепіскапа і пры дапамозе і непасрэдным удзеле айца Анатоля мы ладзілі вандроўкі па гістарычных мясцінах Беларусі. Уяўляеце сабе – едзе поўны аўтобус, 50 чалавек, і людзі бачаць, што не толькі я як экскурсавод, але таксама і бацюшка, і пеўчыя размаўляюць па-беларуску. І гэта спрацоўвала. Звычайна, калі мы вярталіся з вандроўкі, то ўжо ўвесь аўтобус размаўляў па-беларуску! І гэта ўсё нармальна ўспрымалася і ўсім падабалася. Гэтак было шмат-шмат разоў. Мы наведалі і Крэва, і Гальшаны, і Ружаны, і Косава… З іншых “каляцаркоўных” імпрэзаў назаву Чытанні Ларысы Геніюш, якія ладзіліся ў Каложы – ізноў жа з дабраславення архіепіскапа Арцемія. Чытанні былі не адзінкавым чынам царквы па ўшанаванні памяці Геніюш. Ведаю, што і тут вы не стаялі ўбаку. Да 90-годдзя Ларысы Геніюш мы выдалі кнігу паэткі ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” і ўсталявалі памятную шыльду ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве. У праваслаўных храмах ніхто ніколі такога не рабіў, а нам Уладыка Арцемій дазволіў. Мітрапаліт Філарэт дазволіў усталяваць помнік паэтцы каля царквы (гэтым займаліся мінскія прадпрымальнікі і Анатоль Белы). Разумееце, у чым рэч… Мы прыехалі на дзень, усталявалі шыльду ці помнік і паехалі. А ў Зэльве жывуць розныя людзі, і мясцовы бацюшка сочыць, каб ні мясцовыя ўлады, ні хуліганы не пашкодзілі помнік. Ён жа на тэрыторыі царквы. Я добра помню загад гарадзенскіх улад зняць шыльду і прыбраць помнік Ларысе Геніюш. Але архіепіскап адстояў яго. Гэта прадбачлівы і валявы чалавек, які свае дабраславенні не адмяняе. Апрача ўсяго вы займаецеся гістарычным краязнаўствам. Выдалі цікавую кнігу “Архіпелаг Сапегаў” — пра былыя ўладанні славутага княскага роду. Калі б давялося выбіраць паміж краязнаўствам і прадпрымальніцтвам, што выбралі б?   Калі б я стала займаўся гісторыяй былых маёнткаў і фундацый Сапегаў, пакінуўшы прадпрымальніцтва, то гэта не паспрыяла б мне як даследчыку. Хутчэй, наадварот. Напрыклад, сёння я магу аб’ехаць іх на машыне, а давялося б езьдзіць на ровары, потым на кані, а потым і пешкі хадзіць… На сённяшні дзень займацца толькі даследаваннямі немагчыма. Таму мушу сумяшчаць, каб зарабіць і на жыццё, і на выданне тых рэчаў, якія дарагія майму сэрцу. Вы памятаеце, як мы сустракалі ў Гродне і Дзярэчыне князя Сапегу з Афрыкі? Я ягоныя вочы не забуду ніколі, як ён плакаў у дзярэчынскім касцёле, дзякуючы нам за тое, што была даследаваная спадчына Сапегаў, усталяваная памятная шыльда… Вядома, добра было б займацца толькі даследаваннем гісторыі, пісаць прозу ці вершы, але на сённяшні час гэта немагчыма, таму даводзіцца сумяшчаць.


    Читайте по теме:


    Комментирование записи закрыто!

  • Автобизнес проанализировал, как менялась стоимость бензина, продуктов, курсы валют, цена нефти, а также средняя зарплата с 2017 года и посмотрел, есть ли между этими цифрами взаимосвязь.

    Гродненцы всё реже стали надевать маски в общественных местах и соблюдать дистанцию. Однако в стационарах, как и раньше, остаётся много тяжёлых больных.

    61-летний житель Волковыска, обгоняя движущейся впереди трактор, выехал на встречную полосу и столкнулся с движущимся по ней автомобилем «Ситроен Ксантия».

    Как было установлено в суде, своими действиями владелец собаки нарушил п. 4.4 Правил содержания домашних животных.

    Владимир Караник обратил внимание на то, что с учетом заразности омикрона очень многое зависит от самих людей. Речь прежде всего о соблюдении социального дистанцирования, мер индивидуальной защиты.

    Окунаться в купели на озере Юбилейном в Гродно горожане начнут уже во вторник вечером и закончат поздним вечером 19 января.

    На данный момент около 500 мигрантов продолжают оставаться в гродненском транспортно-логистическом центре на белорусско-польской границе.

    Все новости