• З-за памылкі сям'я амаль 80 год не ведала аб лёсе свайго бацькі і мужа

    З-за памылкі сям'я амаль 80 год не ведала аб лёсе свайго бацькі і мужа
    Фото: TUT.BY

    Дзве невялічкія вёскі — Дабраполь-1 і Дабраполь-2 — знаходзяцца ля самай мяжы з Літвою ў Іўеўскім раёне. Яшчэ некалькі соцень метраў — і памежная паласа, а далей, як кажуць мясцовыя, літоўскі лес, куды калісь вяскоўцы хадзілі ў «ну такія добрыя баравікі». І калі ў першым Дабраполлі яшчэ жыве чалавек пяць, то ў другім — толькі адна 79-гадовая Ядвіга Іосіфаўна Нарбут, пiша TUT.BY.

    І тут у маленькай драўлянай хаце, у адзінай, дзе ўвечары гараць электрычным святлом вокны, яна штовечар — і маладой дзяўчынай, і ўжо сталай жанчынай, — у сваіх малітвах успамінае свайго бацьку, якога ніколі не бачыла і які прапаў без вестак напрыканцы вайны. А аднойчы да Ядвігі прыехаў даследчык мясцовай гісторыі, і бабуля звярнулася да яго па дапамогу. Некалі ў раёнцы яна чытала артыкулы гродзенскага краязнаўцы Юрыя Камягіна пра лёс вайскоўцаў з-пад Іўя. І зараз, падумала яна, напэўна, апошні шанец знайсці нейкія звесткі пра бацьку — Іосіфа Васілеўскага, які, па афіцыйных дакументах, знік у 1944 годзе. І аказалася, што ў архівах ёсць дакумент пра лёс мужчыны, але сям'і гэтую інфармацыю чамусьці не агучылі, а знайсці чалавека было цяжка, бо ў спісах ён фігуруе пад іншым сугучным імем — Осіп.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Дзве вёскі з амаль аднолькавымі назвамі — невялічкія і ўжо напалову закінутыя: старыя драўляныя хаты яшчэ троху трымаюцца, але шматлікія дамы ўжо стаяць пустыя, шэрыя і адключаныя ад электрычнасці — толькі драты зввісаюць з паддашка. Двары акупавалі вялікія дрэвы і кусты. Замест агародаў — россып першых вясновых кветак.

    І цішыня.

    У Дабраполь-2 ідзе праз поле амаль незаўважная дарога, а па самой вёсцы на машыне і не праедзеш — брукаванка зарасла травой, і жыхары Дабраполля-1 кажуць што да хаты Ядвігі Іосіфаўны лепш ісці пехам.

     — Дык вось яна — дарога, — паказвае на поле паміж хатамі 89-гадовая Ніна Мар’янаўна.

     — Дзе?

     — Ну вунь жа, — здзіўлена паўтарае бабуля — і зноў паказвае на поле. Ну як гэтыя гарадскія не бачаць дарогу?

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Яна распавядае, што Дабраполлі былі мястэчкамі, дзе жылі парабкі князёў Умястоўскіх.

    — Тут сем’ям давалі па тры гектары зямлі, каб яны нешта садзілі, але ж гэта так шмат, што дзялілі гэтую зямлю паміж сваякамі. А напачатку мінулага веку, як казаў бацька, мясцовыя пачалі выязджааць у Амерыку, людзей станавілся мала, сюды князь пачаў сяліць іншых. А назва чаму такая? Не ведаю. Можа, поле было тут добрае, — усміхаецца бабуля.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Дабраполь-2 схавалася за вялікімі бярозамі. Хата Ядвігі Іосіфаўны пасярэдзіне вёскі - яркая і дагледжаная. На падворку надрываецца сабака — і гэта дзіўныя гукі ў тутэйшай цішыні. Ну, можа, яшчэ часам дзесьці ад ветру бразнуць адчыненыя дзверы ў нейкай з закінутых хат…

    Ядвіга Іосіфаўна адразу запрашае ў вялікі і светлы пакой. Апраўдваецца, што ў хаце трохі холадна — з раніцы яшчэ печ не тапіла. Вой, бабуля хвалюецца — гарадскія ж прыехалі.

     — Бацьку я свайго ўвогуле не ведала. Маці была цяжарная мною, калі яго забралі на вучэнні нейкія. Было гэта ў 1941 годзе. Яшчэ вайны не было, а вяскоўцаў нашых пазабіралі. На аэрадром нейкі. Мама засталася адна.

    Прыгажуні Адэлі было 18 гадоў, а Іосіфу — 29, калі яны ажаніліся. Бабуля кажа, моцна кахалі адзін аднаго, пагэтаму і ўступілі ў шлюб.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Адэля пераехала да мужа з Дабраполя-1 у вёску Шаркуці каля Жэмыслаўля. І, здаецца, жыццё толькі пачало наладжвацца. Але Іосіфа забралі ў войска. Адэля тады чакала Ядвігу.

    — Яны тады думалі, што гэта ненадоўга. Але тут пачалася вайна. Бацька дасылаў ёй нейкія лісты, але іх было вельмі мала і ўсе — даваенныя. Потым Шаркуці згарэлі, а мама вярнулася да сваіх бацькоў ў Дабраполь-1, дзе я і нарадзілася. Згарэла ўсё — і лісты бацькі, і яго фотаздымкі. Ніводнага не засталося. Я так доўгі час нават і не ведала, як ён выглядаў. А потым памерла яго сястра ў Латвіі — і яе дачка даслала мне яго фотаздымак. Вось і ўсё, што засталося на памяць.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Адэля вельмі перажывала, што звестак пра мужа ўсё не было. Пасля вайны паспрабавала высвятліць, што ж здарылася. У 1952 годзе жанчына нават напісала ліст ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Яна распавядала, што правяла сваё асабістае раследаванне — знайшла і паразмаўляла з аднавайскоўцамі мужа, і яны распавялі, што Іосіф прапаў — можа, загінуў, — у 1941 годзе каля мястэчка Свіслач. Ён служыў у 445-м будаўнічым баатальёне, куды яго забралі ў красавіку таго ж года на будаўніцтва ваеннага аэрадрома.

    Жанчына таксама пісала, што з-за таго, што ў яе няма ніякіх папераў, а лёс мужа невядомы, яна не атрымлівае ніякіх грошаў на ўтрыманне сваёй дачкі.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY Вяселле Ядзвігі. На фатаздымку справа — Ядзвіга з мужам і яе маці з айчымам.

    Пасля яе ліста сабралася адмысловая камісія, якая нарэшце прыняла рашэнне прызнаць Іосіфа Васілеўскага прапаўшым без вестак. Жанчыне даслалі адмысловую даведку, а на Ядвігу нарэшце пачалі выплочваць грошы.

    Але дэталяў пра лёс Іосіфа сям’я доўгі час не ведала.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

     — Мама нават ездзіла ў Ліду ў ваенкамат. Там нічога не сказалі. А потым, ужо пасля ліста ўладам, даслалі ёй паперу, што прапаў без вестак у 1944 годзе. Мне як дачцэ прапаўшага пачалі плаціць грошы. А маці ўсё шукала яго. Потым яна паехала нават да нейкай бабкі. Тая паглядзела і сказала: «Не чакай яго, бо помер ён, жыві далей». І яна жыла. Пасля вайны мама зноў выйшла замуж, але шукаць майго тату не пераставала. Яе муж таксама ваяваў, ён не пярэчыў пошукам. Айчым быў добры чалавек. Але ж гэта як: ні разу не пабіў, але ж і ні разу не пашкадаваў. А я, як потым пажыўшы, убачыла, як мой муж з дзецьмі быў, паглядзела, як гэта — добры бацька, — кажа Ядвіга Ісіфаўна.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Яна распавядае, што калісьці, ужо ў больш сталым узросце, паехала ў ваенкамат ў Іўе.

     — Пытаюся, ці можа ёсць у іх нейкія звесткі. А яны на мяне паглядзелі і кажуць, што такіх, як я, у іх многа. Ды і можа бацька мой недзе сям’ю знайшоў за мяжой ці нейкую іншую жанчыну — вось і не выходзіць на сувязь. Смяюцца — а я расплакалася і пайшла на аўтобус ні з чым. Маці яшчэ некалькі разоў дасылала запыты ў нейкія ўстановы. А потым перастала. Нарадзіўся мой брат.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    — Але маці шкадавала, што так і не даведалася пра лёс Іосіфа. Не супакоілася яна. Ды і я кожны раз яго ўспамінала і думала, што памру так жа, так і не даведаўшыся, што з ім стала. Дзеці казалі: «Ну, мама, колькі гадоў пражыла так, навошта гэта табе?», — але паглядзелі ў інтэрнеце гэтым, бо вельмі прасіла. На жаль, нічога не знайшлі, — уздыхае Ядвіга і, каб мы не бачылі, хусткай выцірае слёзы.

    Каб заняць рукі — накрывае на стол і распавядае аб тым, што ўжо пэўны час жыве адна — муж Леанард доўга хварэў і памёр два гады таму.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

     — Не страшна адной ў вёсцы жыць?

     — Не. Я тут колькі гадоў пражыла. У калгасе рабіла паляводам — тут уся зямля мною перабрана. Вось гэтымі рукамі. Не страшна. Ніхто ніколі чужы ў дзверы не грукаўся. Тут пагранічнікі амаль кожны дзень праз вёску ходзяць. Ахраняюць. Добрыя хлопцы. Заўсёды здароўкаюццца і пытаюцца, чым мне дапамагчы. А мне і нічога не трэба. Хазяйства няма ўжо — старая стала. Маю катоў, сабаку ды адну курачку. Гэта толькі дзеці ўсё перажываюць, як я тут. А мне добра: калі захацела — устала, калі захацела — лягла. Пенсію прынясуць, паеў і ляжы сабе, — смяецца жанчына.

    Успамінае мужа, які працаваў шафёрам ў калгасе — прывозіў патрэбныя для маладой гаспадаркі машыны з усяго Савецкага Саюза.

     — Ён паўміра аб’ездзіў — у Малдове быў, у Расіі, Украіне. А я ў хаце — праца, вялікая гаспадарка: каровы, свінні, куры. Дзяцей траіх гадавалі. Добра жылі — шмат працавалі. Вось хату сваю пабудавалі, толькі столь нізкая атрымалася, маладыя ж былі — я ў 17 год замуж пайшла. Бацькі не было, ніхто і не параіў, як правільна хату будаваць, — кажа Ядзвіга і зноў распавядае, што без таты расці было «вельмі абідна».

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    Выявілася, што пасля ліста Адэлі ў Прэзідыум БССР вайскоўцы ў 1952 годзе правялі апытанні саслужыўцаў — і высветлілі, што прапаў Іосіф не ў 1944 годзе, а ў 1941-м, каля горада Свіслач. Тады батальён трапіў пад жорсткі нямецкі абстрэл.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    — Нямецкія самалёты ў першыя дні вайны бамбілі горад [тады гарадскі пасёлак] Свіслач і станцыю Свіслач, а таксама аэрадромныя пляцоўкі недалёка ад гэтых населеных пунктаў у вёсцы Кватары, а таксама ваенныя аэрадромы каля вёсак Сцёкі і Дашковічы. Пасля некалькіх налётаў гэтыя аэрадромы былі цалкам знішчаны, а самалёты спалены. Менавіта туды быў адпраўлены Іосіф Васілеўскі ў 1941 годзе. Чаму пра яго лёс нічога не было вядома ў 1952 годзе? Бо напачатку вайны Савецкая армія досыць хутка адступала, і не ва ўсіх салдат былі аформленыя дакументы. Былі каласальныя страты, армія адступала. Яго саслужыўцы казалі, што яны выйшлі з акружэння, а Васілеўскі — не. Больш яны яго нідзе не сустракалі і не бачылі. Хутчэй за ўсё, ён загінуў менавіта ў Свіслачы 23 чэрвеня 1941 года. Калі б ён трапіў у палон, дык былі б нейкія карткі з лагера для ваеннапалонных, бо немцы вялі дакументацыю вельмі акуратна. Але такіх звестак няма. Таксама Іосіфа памылкова спачатку запісалі Осіпам — і пагэтаму яго цяжка было знайсці сваякам: у базе «Памяць народа» ён ідзе менавіта пад такім імем, пад ім жа ён быў і архівах. У 1952 годзе яго пішуць ужо Іосіф. Але ў ваенкамаце, куды звярталіся Ядвіга Іосіфаўна, не змаглі знайсці дакументы, бо шукалі зусім іншага па сутнасці чалавека. Вось так з-за некалькі літараў сям’я не ведала столькі гадоў, што сталася з іх родным чалавекам. Ці гэта бюракратычная памылка, ці проста абыякавасць — невядома, — кажа краязнаўца Юры Камягін.

    Фото: hpamyat-naroda.ru Фото: hpamyat-naroda.ru Фото: hpamyat-naroda.ru Фото: hpamyat-naroda.ru

    — Я такую палёгку адчула, як пазнала, — кажа Ядзвіга Іосіфаўна. —  Зараз і памерці спакойна магу. А дзеці, калі будзе троху лягчэй з гэным каранавірусам, хочуць паехаць у Свіслач, паглядзець на мясціны, дзе ваяваў і загінуў мой бацька. Бо кожнага памятаюць і чакаюць дома.

    Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

    // TUT.BY

    Читайте по теме:


    Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий!

    Комментарии: 1

  • Горячую воду в этом году начнут отключать с 19 мая. Первыми без воды останется часть центра города и район улицы Захарова и проспекта Космонавтов.

    Неработающий 57-летний гродненец взял со стеллажа косметические средства и хотел незаметно уйти. Однако на пути злоумышленника встали сотрудники магазина.

    Им назначено 3 года лишения свободы с отсрочкой наказания на 3 года. Плюс каждому нужно выплатить штраф — 30 базовых величин, или 870 рублей.

    Стоимость смарт-часов Amazfit GTS снизилась до 269 рублей. При покупке в рассрочку на год ежемесячный платёж составит 24,45 рубля, а на два года – 11,69 рубля.

    FINANCE.TUT.BY посмотрел, каких работников больше всего не хватает и какие зарплаты им обещают наниматели.

    В Гродно по городским маршрутам начал курсировать первый электробус

    Обновлено. Департаментом финансовых расследований Комитета государственного контроля 18 мая 2021 года в отношении должностных лиц ООО «ТУТ БАЙ МЕДИА» (TUT.BY) возбуждено уголовное дело по признакам...

    Все новости