• Ігар Лапеха запрашае на лекцыі, каб аб’ектыўна паглядзець на рэканструкцыю Старога замка

    Ігар Лапеха запрашае на лекцыі, каб аб’ектыўна паглядзець на рэканструкцыю Старога замка

    Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха распачаў цыкл лекцый, удзельнікі якіх змогуць больш глыбока зразумець праблемы рэканструкцыі Старога замка ў Гродне.

    Першая лекцыя «Рэканструкцыя Старога замка ў Гродна на часы Вітаўта» Ігар Лапеха праводзіў 13 сакавіка на базе экспазіцыі «Брамы Гарадзенскія» на вул. Тэльмана, 4. Яе тэкст прапанаваны ніжэй. Наступная лекцыя плануецца ў пятніцу, 27-га сакавіка, а 18 гадзіне. Памяшканне зможа ўмясціць 20 чалавек, уваходны білет каштуе 4 рублі. Тэма лекцыі: «Рэканструкцыя Старога замка Гродна на часы Стэфана Баторыя, прынцыпы, крыніцы і планіроўка палаца».

    — Вокол рэстаўрацыі комплекса Старога замка ў Гродне складваецца сітуацыя, якая мяне бянтэжыць і абурае. Апаненты ў справе замка не дыскутуюць паміж сабой, не імкнуцца доказна абгрунтаваць сваю пазіцыю, а стараюцца толькі праз сродкі масавай інфармацыі эмацыянальна ўздзейнічаць на грамадскую думку. З аднаго боку ўкідваецца нейкая тэза, а абгрунтаванне толькі адно – мы гуру, валодаем нейкімі вядомымі толькі нам крыніцамі і толькі мы іх умеем чытать. Другі бок – толькі мы спецыялісты ў гэтай тэме, працуем над ёй ужо 30 год, аб’ём інфармацыі настолькі велізарны, што асэнсаваць простаму абывацелю немажліва, таму не губляйце час, верце нам, займайцеся сваімі справамі і не суйце нос туды, дзе вы не прафесіянал. Не хапае нейкай трэцяй пазіцыі. Я паспрабую праз серыю лекцый хоць неяк прыблізіцца да нейкай аб’ектыўнасці.

    Для каго гэта?

    Гэтыя матэрыялы для тых, хто сапраўды хоча сам разабрацца, што ж адбываецца зараз са Старым замкам, а не для тых, хто ўжо сфармаваў сваё меркаванне, таму што регулярна праглядае гродзенскія блогі. Гэтыя нататкі не аб’ектыўныя, гэта асабісты позік аматара, які больш чым трэба паглыбіўся ў тэму. Яны цікавыя не столькі маімі высновамі, колькі алгарытмам, шляхам, якім я да іх прыйшоў.

    Чаму цэлы цыкл, а не адна змястоўная лекцыя?

    Звернемся да першакрыніц. Аб’ём інфармацыі сапраўды вялікі. У ім часам можна пагубіцца. Таму абавязкова неабходна дзяліць інфармацыю паводле нейкай абранай сістэмы. За адзін вечар гэтыя нататкі цяжка ўспрыняць, таму гэта ўсё разбіта на некалькі аб’ёмаў інфармацыі, на некалькі вечароў.

    Што было на першай лекцыі?

    “Рэканструкцыя Старога замка ў Гродна на часы Вітаўта”, якую праводзіў Ігар Лапеха 13 сакавіка 2020 года, на базе экспазіцыі “Брамы Гарадзенскія”.

    Шмат хто захоплены сярэднявечным выглядам комплекса Старога замка, магутнай каменнай абарончай цытадэлью часоў Вітаўта. Створана шмат навуковых і каля навуковых рэканструкцый Старога замка на пачатак 15 стагоддзя, панарамы, макеты, аб’ёмныя кампутарныя рэканструкцыі. Да сяго часу вядуцца зацятыя спрэчкі, як выглядаў замак за Вітаўтам, спрэчкі – бо інфармацыі для рэканструкцый сапраўды мала і недастаткова. Дык як жа, усё-такі, мог бы, найбольш верагодна, выглядаць Стары замак на часы праўлення Вітаўта Вялікага на пачатку 15 стагоддзя.  Калі спрашчаць сітуацыю, то за корань спрэчак можна ўзяць толькі дзве канцэпцыі: “кананічную” міжваеннага перыяду, якая пануе ўжо 80 год (пяць мураваных вежаў, палац з боку горада і брама недалёка ад брамы сучаснай); і “наватарскую”, якая сфарміравалася нядаўна (чатыры вежы, замест палаца свіран, а палацык з боку Нёмана, брама глядзіць ў Нёман). Я зрабіў фізічны макет замка на 15 ст., таму меня таксама не абмінуў пошук ісціны. Задача тут іншая – макет павінен быць паўнавартасным выглядам на 15ст., ведаем мы штосці ці не, сумняваемся мы ў абраным варыянце ці не. Гэта не ісціна, гэта найбольш верагодны варыянт.

    Паспрабуем самі разабрацца, упарадкаваць вядомыя веды, і сфарміраваць сваё меркаванне па гэтай праблеме. Давайце сфарміруем сістэму каардынат на базе схемы з найбольшымі складовымі.

    1. Брамная вежа,
    2. Наднёманская вежа,
    3. Гарадская вежа,
    4. Круглая вежа,
    5. Вежа на мысе,
    6. Будынак з боку горада,
    7. Будынак з боку Немана.

    А таксама, віды крыніц інфармацыі, якіх не так ўжо і шмат:

    А) Вынікі археалагічных раскопак і патэнцыял недаследваных культурных пластоў,

    Б) Гравюра Цюндта 1568 года,

    В) Інвентар 1578 года,

    Г) Аналагі подобных пабудоў нашага рэгіёна,

    Д) Найбольш рацыянальныя тэхналагічныя і планіровачныя варыянты рашэнняў.

    А) Рэальна ад замка 15 стагоддзя засталіся толькі “ашмоткі”. Вынікі даваенных раскопак зканцэнтраваны у двух схемах Вайцяхоўскага, таксама можна пазнаёміцца з вынікамі пасляваенных і сучасных раскопак і даследванняў. Што яны нам даюць? Ня знойдзена Круглая вежа. Ня знойдзена каля сучаснай старая Брамная вежа. Ад Наднёманскай засталіся толькі кавалкі папярэчных муроў з правалам паміж імі, што не дае мажлівасці ні сцвяржаць ні аправергнуць, ці была у гэтай вежы брама, ці не была. Рэшткі Вежы на мысе, знойдзеныя археолагамі ў 80-ыя гады 20 ст. сумніўныя, і даследчык іх абазваў вежай не столькі з –за прысутнасці матэрыяльных доказаў, колькі пад уплывам 80-ці гадовай традыцыі Вайцяхоўскага. Затое, добра праглядаецца Гарадская вежа, добра праглядаюцца мураваныя граніцы замка, знойдзены падмуркі будынка з боку Нёмана, а ў падвалах палаца Баторыя зафіксавана ранейшая кладка вялікага будынка з боку горада.  Раскопкі не раскрылі планіроўкі драўляных пабудоў замка 15 ст., бо большасць тэрыторыі замкавага двара так і не даследвана, а вынікі даваенных раскопак не захаваліся (што тычыцца драўляных парэштак).

     

    Б) Можа, шмат у чым нам дапаможа, самае ранняе адлюстраванне замка, гравюра Цюндта 1568 года, тым больш, што канцэпцыя Волкава, шмат чым базуецца на гэтым адлюстраванні. Прымем за ісціну, што Адэльгаўзер, які рысаваў пейзажныя лініі для гравюры Цюндта, сваю работу рабіў з прымальнай фатаграфічнай дакладнасцю. Ведаючы кропку позірка (а яна знойдзена мной у працы  “Лакалізацыя архітэктурных дамінант Гродна XVI ст.паводле малюнкаў Ганса Адэльгаўзера і Тамаша Макоўскага”), мы зможам перанесці рысунак з гравюры на маштабны план Старога замка. Для гэтага, мы на плане, вектар позірка ад кропкі агляда накіроўваем на аб’ект дакладнай лакацыі, перпеныдыкулярна вектару праводзім лінію экрана, і на лініі экрана наносім насечкі прапарцыянальныя адлегласцям на гарызанталі гравюры. У канцэпцыях пяці і чатырох вежаў, толькі адзін аб’ект не вызавае спрэчак – Гарадская вежа (дакладна лакалізуецца і паўднёва-заходні кут якой праглядаецца на гравюры). Першым, што я пачаў правяраць- канцэпцыю чатырох вежаў з брамай над Нёманам. Дакладнай адлегласцю, ў гэтым выпадку, аказаўся толькі прасвет паміж Гарадской і Наднёманскай вежамі. Калі пачалі выбудоўвацца вектара ад прапарцыянальных адлегласцяў, то памеры Наднёманскай вежы станавіліся неапраўдана вялікімі, а левая дамінанта на гравюрным адлюстраванні Старога замка “уплывала” на Каложскую гару. І тут, канцэпцыю чатырох вежаў можна б было адразу адкінуць, як непраўдзівую, калі б не адна акалічнасць: Адэльгаўзер пейзажную лінію з замкамі, мог рысаваць не з той кропкі, дзе натаваў увесь горад, а дзесці у іншым месцы (ускосным доказам гэтаму можа быць неправільнае злучэнне Цюндтам замкаў з пейзажам усяго горада). Трэба шукаць новую кропку позірка, а для гэтага патрэбны тры кропкі з дакладнай лакалізацыяй на плане, якія б праглядаліся на гравюры. Гэта паўднёва-заходні кут Гарадской вежы, паўночна-усходні кут Наднёманскай вежы і паўднёва-заходні кут Наднёманскай вежы  (пры умове квадратнасці вежы, і не забываем, у разглядаемай канцэпцыі на гравюры гэта вежа з брамай). Падбіраем прапорцыю адлегласцей, паварочваючы экранную лінію так, каб адлегласці супалі і на экране, і на гравюры. Вынікам гэтаму, новы вектар позірка, праўдзівы толькі у тым выпадку, калі б Наднёманская вежа была з брамай. Для канцэпцыі пяці вежаў ідэальна падыйшоў вектар з кропкі, з якой Адэльгаўзер рысаваў увесь горад. Прааналізуйце, калі ласка малюнак №3 чырвоным тут паказаны вымярэнні па канцэпцыі чатырох вежаў, зялёным – па канцэпцыі пяці вежаў.

    І што мы у выніку маем. Пры “чатырохвежавай” канцэпцыі , калі брама над Нёманам, амаль ідэальна кладзецца аб’ект №7 на крайне левую дамінанту на гравюры, праглядаецца быццам бы Верхняя царква, праўда, пад іншым паваротам, як і сама Наднёманская вежа. І самае галоўнае, што не укладваецца у канцэпцыю, паўночная сцяна, якая знаходзіцца значна на поўдзень, чым ёсць на самой справе. Пры “кананічнай” канцэпцыі быццам усё ідэальна: і муры супадаюць, і паварот вежаў, такі як ёсць. Але, пасля крайняй левай дамінанты, выбранай як Наднёманская вежа, на гравюры абрыў, а у рэчаіснасці хоць руіна, але павінна праглядацца, і так званы “барбакан” не стасуецца з круглай вежай. Адно зыходзіцца па абодвум канцэпцыям на гравюры – на мысе у сярэдзіне 16 стагоддзя ужо нічога не было.

    В) Інвентар 1578 года, дакумент апублікаваны, у вольным доступе. Дакладны, без усялякай лірыкі – ідэальная крыніца для даследвання. Але не ўсё так гладка, нават, з тымі высновамі і інтрапрытацыямі, якія выказваюць некаторыя даследчыкі, не так адназначна можна пагадзіцца, а нават і запярэчыць. Першая, вельмі важная характэрыстыка інвентара, якую часта не заўважаюць – у адносінах да Старога замка ён далёка няпоўны, агульны і выбарачны. У інвентары інфармацыі пра Стары замак у сем разоў менш, чым пра “паркан”,  тэрыторыю Новага замка. У вялікіх памяшканнях не апісаны ні печы, ні мэбля, ні вокны, нічога не сказана аб канструкцыях даха, аб мурах паміж вежамі і колькасць апісаных пабудоў у замкавым двары зводзяцца да аднаго. Чаму так адбылося? Перапісчыкі ня мелі доступа у памяшканні  верхняга замка? Перад чыноўнікамі не стаяла задачы апісваць верхняга замка, толькі як сістэму каардынат? Ці Верхні замак быў настолькі разбураны і ў запусценні, што нічога цэлага і каштоўнага проста не засталося для апісання? Я схіляюся да таго, што замак быў разбураны і ў запустенні. Ускосным доказам гэтаму з’яўляецца апісанне драўляных канструкцый: амаль што ўсе яны апісваюцца, як згнілыя і апаўшыя. У 1578 годзе гэта ўжо не вялікакняжаская рэзедэнцыя, а даўно не рэмантаваны, часткова руініраваны ўспамін аб былой велічы. Таму, так лёгка праз дзясятак гадоў гэта тэрыторыя была зачышчана пад новую забудову. Інвентар для рэканструкцыі замка  дае толькі інфармацыю аб колькасці паверхаў на вежах, уваходах у іх, а таксама часткова аб драўляных канструкцыях пры ніх. Праўда, некаторыя даследчыкі на інвентар спасылаюцца за доказам таго, што у замку было чатыры вежы і што уваход быў над Нёманам. Мне здаецца, што гэтыя доказы – не факт. Пятая вежа на мысе у 1578 годзе ўжо магла цалкам ператварыцца у руіну, альбо увогуле не існаваць (але гэтае сцвярдженне малаверагоднае, доказы пазней). Але прыхільнікі чатырохвежавай тэорыі, якраз не адмаўляюць існаванне вежы на мысе, яны адмаўляюць існаванне аб’екта №1, спалучая ў адно брамную і Наднёманскую вежы, робячы спасылкі на тое, што каардынатай замкавай брамы ў інвентары напісана – ад ракі Нёман. Па-першае, зусім верагодна, што для перапісчыка магло існаваць для апісання вонкавага выгляду замка толькі две каардынаты – з боку Нёмана і з боку горада. Ён жа не напісаў пра вежу на мысу з боку Каложы (а у чатырохвежавай тэорыі яна узвышаецца), а на круглую – вежа з боку паркана. Две вежы з  боку Нёмна і две вежы з боку горада. Інвентар у купе з археалогіяй ускосна даказвае, што вежа злева ад брамы не можа быць Вежай на мысе. У інвентары пасля апісання “другой” вежы напісана прыкладна наступнае: каля той вежы сцяна ўпала цалкам, каторая забудавана шчытамі сямью пралётамі. Археалогія паказвае, што муры з боку Гараднічанкі досыць у добрым стане і досыць высокія. А паміж Наднёманскай і Вежы на мысе даўно спаўзлі, падмытыя Нёманам (і верагодней усяго пацягнулі за сабой Вежу на мысе), а гэта даказвае, што ў інвентары “другой” называецца Наднёманская вежа, а не Вежа на мысе. Для зручнасці даследвання, інвентар мною перакладзены на беларускую мову і цалкам гэты тэкст я прапаную для аналіза.

    На гары мураваны Гродзенскі замак, у якім чатыры вежы, а вакол драўляныя разбурыліся. Наперад, вароты вялікія ад ракі немана падвойныя, на завесах, пры тых варотах “узвод”, пад гэтымі варотамі турма для пасадкі злодзеяў, у якой вакно з зашчэпкай, там жа гурба цэглы, над гэтымі варотамі вежа, у гэтай вежы “святліца”, дзверы жалезныя зваліліся на зямлі лежачы, у гэтым памяшканні уваход да “склепу”, у драўляны ход на верх, пабач з той вежай абваліўшыйся гнілы ганак, ад той вежы ідучы ў лева па кругу, другая вежа ад ракі немана, пад якой падвал, дзверы на завесах, над якім “склеп”, у якім дзверы на завесах з зашчэпкай, “калодкай”, на гэтым “склепам “ уверсе, другі “склеп”, дзверы на завесах, з якога драўляны уваход на верх, каля гэтай вежы муру абрынулася на “стаю” (вельмі многа), каторый забіты шчытамі у семь пралётаў; Трэццяя вежа ад горада, у ёй “склеп” на зямлі дзверы на завесах, над гэтым “склепам”, другі “склеп” дзверы на завесах, трэці склеп зверху, у іх дзверы жалезныя на завесах, над гэтым “склепам” яшчэ адзін “склеп”, у гэтай вежы драўляны уваход зваліўся, часвёртая важа акруглая, у якой ёсць высокі ўваход, аж но да верху побач з каторым  калітка у двор, дзверы на завесах з засовам, і “калодка” для замыканя вялікая, там у тых дзвярах две жалезныя “кунны”, для замыканя дзвераў. Наперадзе Замку пры сцяне драўляны свіран, зваліўшыеся дзверы двох на завесах з зашчэпкамі, уваходы два, пад каторым падвалаў два, мураваныя, у адным падвале драўляная рашотка, таксама два памяшканя (дамы), у версе , драўляныя.

    Г) Для рэканструкцыі драўляных элементаў замка 15 стагоддзя, дэкарацыйных элементаў, стылізацыі інтэр’ераў, функцыянальнага прызначэння памяшканняў, вельмі прыдатнымі могуць аказацца аб’екты аналагічныя па часе пабудовы, тыпу прызначэння, характару тэхналагічных прыёмаў. Самымі блізкімі і карыснымі могуць быць іншыя замкі ВКЛ разглядаемага перыяда: замкі ў Лідзе, Крэве, Медніках, Троках, Наваградку, Вільне, Каўнасе. Для рэканструкцыі Круглай вежы за ўзор спатрэбяцца іншыя вежы валынскага тыпа – Камянец, Люблін, Турайд. Праўда, у звяртанні да аналагаў ёсць адна небяспечная акалічнасць, на якую проста ня трэба забывацца. У розныя часы, рознымі архітэктарамі для вышэй пералічаных замкаў рабіліся свае праекты рэканструкцый – з рознай ступенню дапушчальнай праўдападобнасці і фантазіі аўтараў. Таму, калі мы бярэм за аснову нейкі аналаг, у першую чаргу, мы павінны карыстацца ацалелымі фрагментамі аўтэнтычнага, і крытычна ставіцца да рэанавацыйных праектаў.

    Д) Форма замкавай гары ў Гродна дыктуе пэўныя ўнікальныя тэхнічныя рашэнні. Таму, сцены замка паўтаралі абрысы рэльефа, і цярпелі з асаблівасцяў прыроды ўзгорка. Паўднёвы мур пастаянна падмываўся магутнай плынню Нёмана, раннія абвалы паўднёвай сцяны сведчаць аб тым, што рака падыходзіла непасрэдна блізка да гары. Калі падумаць рацыянальна, то брама замка не магла знаходзіцца у Наднёманскай вежы, бо мост у такім выпадку выхадзіў бы прама ў Нёман, рэзка паварочваў бы на градусаў сто двадцаць, а пэўныя апоры яго знаходзіліся на хліпкам грунце і пастаянна б падмываліся плынню. Каб рэалізаваць падобны праект маста, трэба затраціць не менш сродкаў, чым пабудаваць сам замак (гэта суб’ектыўныя мае меркаванні, якія не пралічваліся). Да таго ж мост бы згніў значна раней, чым тыя драўляныя пабудовы, якія ў інвентары 1578 года падаюцца як апаўшыя. Самае простае рашэнне – самае правільнае, гэты прынцып найбольш прыдатны ў вывучэнні сярэднявечных замкаў, дзе чалавечая праца рукамі мела рашаючае значэнне, і скочыць вышэй чалавечых высілкаў, мы калі б і хацелі – не зможам. Рацыянальны падыход таксама прыдатны і ў арганізацыі ў рэканструкцыі дзвераў, гелерэй, лесвіц. Калі элемент не проста пабудаваны, трэба рацыянальна растлумачыць – чаму ён так пабудаваны, а не іначай.

    Аб’ект №1 Брамная вежа (вежа на поўдзень ад сучаснай брамы, па чатырохвежавай канцэпцыі – круглая вежа). Аналіз гравюры Цюндта пры розных канцэпцыях на адно месца ставят альбо круглую, альбо брамную вежу. Але агульны з кропкай агляда Адэльгаўзерам ўсяго горада вектар позірка на замак супадае толькі пры канцэпцыі пяці вежаў. Археалагічныя шурфы закладзеныя ў гэтай тэрыторыі знайшлі рэшткі муроў 15 ст., есць яшчэ месца, дзе можна знайсці рэшткі вежы, але із-за памераў і канфігурацыі, шансаў на знаходжанне брамнай вежы значна болей, чым у вежы круглай. І рацыянальна, брама замка з мастом павінна была знаходзіцца далей ад ракі і бліжэй да паркана. Згодна з інвентаром, і адлюстраваннем на гравюры, Брамная вежа мела глыбокае падвальнае памяшканне са скляпеністым перакццем, якое выкарыстоўвалася як турма. Рацыянальна: з поўначы мураваныя прыступкі уніз да гэтага памяшкання, і невялікае вакно з кратамі і металёвай заслонкай з захаду. Нулявы ўзровень – гэта брама аздобленая рустам (мал. №4) і абсталяваная распашнымі варотамі, пад’ёмным механізмам для закрывання пад’ёмнага сігмента маста.

    Калі мы аналізуем рысунак вежы на гравюры Цюндта, і бачым асіметрыю размяшчэння брамы, выцягнутаць канструкцыі даха, то прыходзім да высновы, што форма вежы была не квадратная, а выцыгнутая уздоўж мура. З паўночнага ўсхода ад праезда ў браме месцілася так званая “святліца” з драўлянай лесвіцай на верх. Згодна з інвентаром: над брамай, на плошчу усёй вежы, заля з высокай скляпеністай стольлю. Памяшканне мае шэсць досыць вялікіх вокнаў - два з пераду, два з заду, і па аднаму па баках. Па баках дзверы, якія выходзяць на галерэі, а таксама два праходы на лесвіцы: драўляную ўніз і мураваную ў тоўшчы сцяны на адкрытую кансоль зверху. У інвентары з боку двара ўпамінаецца нейкая драўляная канструкцыя – “ганак”, хутчэй за ўсё гэта галерэй, якая з муроў кансоллю пераходзіць на вежу.  Адкрытая абарончая галерэя на зубчастай кансолі выглядае прыкладна так, як гэтых аналагах

    Аб’ект №2 Наднёманская вежа (якая не можа быць брамнай). Згодна з інвентаром, вежа разам з падвалам мае чатыры паверхі. Гэтая вежа захавалася да канца 16 стагоддзя, а была рэанавіравана Стэфанам Баторыем, як вежа. Таму, як крыніца для рэканструкцыі гэтай вежы, прыдатны планы замка пачатку 18 стагоддзя. Першыя тры паверхі па колькасці размяшчэнню вокнаў і ўваходаў сугучны з планам 18 стагоддзя.  Падвал з уваходам са двара і мураванай лесвіцай уніз і аднім невялікім вакном з поўдня, скляпеністыя перакрыцці.

    Нулявы паверх таксама са скляпеністымі перакрыццямі, уваходам побач з уваходам у падвал і вакном з поўдня. Рацыянальна, гэтае памяшканне маглі выкарыстоўваць як базу “цапа” (“канатнай дарогі”, якая упамінаецца у пісьмовых крыніцах і злучала паміж сабою два берагі Нёмана для перавозкі грузаў, а таксама для забеспячэння замка пітной вадой з крыніц на левым беразе). Доказам такога прызначэння - з’яўляюцца вапнякова-бетонныя “якары” знойдзеныя археолагамі, а таксама становішча самага выгаднага месца для арганізацыі блокавай сістэмы “цапа” і месца разгрузкі. Таму вакно тут павінна быць вялікім, што праглядаецца на гравюры і на плане 18ст.. Паміж нулявым і верхнім паверхам, лесвіцы не было, а ўваход у памяшканне арганізоўваўся з баявой галерэі, затое драўляная лесвіца (згодна з інвентаром) вяла на чацвёрты узровень вежы. А гэта сведчыць аб тым – што перакрыцці паміж гэтымі узроўнямі былі бэлечныя драўляныя. Памяшканне трэцяга ўзроўня было цёплым жылым, доказам гэтаму вялікая колькаць вокнаў (два са двара, два з боку Нёмана, і па аднаму па баках згодна з планам 18ст.) і печ з усходу (комін якой праглядаецца на гравюры). Згодна з рацыяй і аналагамі, чацвёрты ўзровень вежы – гэта закрытая баявая галерэя, пад агульным высокім чатырохскатным дахам усёй вежы, па чатыры байніцы з кожнага бока, калі верыць гравюры. Пазней была часткова разабрана і ператворана ў канструкцыю двухскатнага даха з мураванымі франтонамі, на якіх праглядаюцца па две былыя байніцы, яшчэ пазней менавіта на яе месцы паўстала Алібастравая заля.  Малаверагодна, але мажліва: трэці ярус вежы – гэта каталіцкая капліца замка і двухскатны дах быў першапачаткова, памяшканне правільна арыентавана, есць аналагі падобнай планіроўкі (Турайд,  Астрог, Люблін)

    Мажліва, нават, была паўкруглая апсіда (на гравюры вежа намалявана з поўдня без вуглоў – ці яна проста не выходзіць за межы муроў, ці мае паўкруглы паўднёвы бок, ці на гравюры намалявана недакладна. Хутчэй за усё (як гэта можна убачыць на планах 18 ст.  паўднёвая сцяна вежы узмацнена таўшчынёй сцяны і кантрфорсамі.

    Аб’ект №3 Гарадская вежа. Найлепш захаваўшаяся з усіх, бо была ўключана ў склад рэнэсанснага палаца. Па інвентары, хутчэй за ўсё вежа была “стандартнай” чатырохузроўневай: падвал, два паверхі, баявая галерэя (пра якую не узгадваецца ў апісанні папярэдняй вежы, а ў апісанні гэтай узгадваецца і аб’ём і лесвіца, якая апала). А так усё больш-менш зразумела: падвал, на нулявым узроўні – гаспадарчая памяшканне з адным ці двума вокнамі звонку замка, дзверы на двор, жылы паверх на шэсць/восем вокнаў і ўваходам з драўлянага ганка і лесвіцы, унутры памяшкання драўлянае бэлячнае перакрыцце, печ і лесвіца на баевую крытую галерэю. Аналаг – Лідскі замак.

    Аб’ект №4 Круглая вежа. Большасць даследчыкаў схіляецца, што гэта вежа – валынская спадчына ў гісторыі Гродна, пабудаваная яшчэ за часы драўлянага замка. Таму мураваныя пабудовы 15 ст. дастасоўваліся да становішча гэтай вежы. Са шматлікіх валынскіх вежаў, самай цэлай і вывучанай да нас дайшла вежа Камянецкая. Яе планіроўка добра ўпісваецца ў адлюстраванне на гравюры. Тры ніжніх паверха з байніцамі, на чацвёртым уваход на вежу з боку паркана (бо так праглядаецца на гравюры, і ў Камянецкай вежы таксама знаходзіцца са знешняга боку ад замкавага двара), на пятым паверсе – рэпрэзентацыйная заля з чатырма вялікімі вокнамі (варта, таксама як і у Камянецкай вежы чаргаваць нішамі –дэкарацыйным элементамі), шосты ярус – адкрытая зубчастая баявая галэрэя (як праглядаецца на гравюры: вынесеная на кансоль, дах шатровы схаваны за зубцамі, водаадвод арганізаваны “рыгачамі”).

    Як і ў Камянецкай вежы, перакрыцці паміж паверхамі драўляныя бэлечныя з драбінамі, толькі паміж пятым і шостым ярусамі скляпенні і лесвіца ўнутры сцяны. Уваход у вежу абсталяваны драўляным “ганкам”, лесвіца з якога спускаецца на баявую галерэю мура, прыбудаванага да вежы ў 15 ст. З гравюры Цюндта вынікае, што вежа дыаметрам 10-12 метраў, а вышынёй 26-28 метраў, варта прытрымлівацца аналага – Камянецкая вежа 13,5  на 29 метраў.  Але галоўнае пытанне адносна Круглай вежы – дзе яна дакладна знаходзілася (бо рэшткі яе пакуль так і не знойдзены).

    Рацыянальней за ўсё і найбольш прыбліжана да гравюры – вежа знаходзіцца пад паўднёва усходнім кутом палаца Баторыя (а не пад паўночна усходнім, як гэта зроблена ў Вайцяхоўскага). Такое становішча часткова тлумачыць падваенне абарончага муру выяўленае археолагамі (так званы “барбакан”), знешняя сцяна – гэта падыход да увахода у Круглую вежу, якую пабудавалі па ранейшаму плану абароны, чым муры 15 ст., унутраная сцяна – для арганізацыі прахадной баявой галерэі, без праламывання праходаў у тоўстых сценах Круглай вежы.

    Аб’ект №5 Вежа на мысе. Найбольш актуальнае пытанне адносна гэтай вежы – існавала яна, ці не існавала. Найбольш верагодны адказ – існавала, але была разбурана ўжо да сярэдзіны 16ст. На карысць гэтаму і неадназначныя вынікі раскопак, і адлюстраванні (і малюнкі і фота) сярэдзіны 19 ст., і планы 18 ст. (дзе паказана руіна),  і логіка становішча. Яшчэ адно спрэчнае пытанне: ці выпірала вежа далёка на мыс, як то паказаў Вайцяхоўскі, ці вежа знаходзілася у межах муроў, як то на аснове раскопак робіць высновы археолаг Трусаў. Верагодней  і больш доказны другі варыянт. Як выглядала гэтая вежа не захавалася ніякіх звестак. Таму па прынцыпу стандартнасці прызначэня і стэрэатыпнасці будаўнічых тэхналогій, яе проста трэба рабіць копіяй аб’екта №3, абсталяваўшы ўваходы згодна яе рэльефнаму становішчу і вуглу спалучэння з мурамі.

    Аб’ект №6 Будынак з боку горада.  У рэканструкцыі Вайцехоўскага фігуруе велізарны будынак паміж Гарадской і Круглай вежамі і пазіцыяніруецца як палац Вітаўта. На плане рэканструкцыі муры гэтага будынка паказаныя, як выяўленыя пад час абследвання падвалаў палаца Баторыя (у пасляваенныя гады абследвання падцвярджаючыя гэтую тэзу працы не правадзіліся). Найбольш верагодна, што будынак вялікай плошчы існаваў на гэтым месцы. Але яго прызначэнне, а з гэтага і архітэктура вызываюць спрэчкі – палац ці свіран?  Палац – шырокі (14-16 метраў), высокі, адразу вызывае шмат пытанняў адносна рацыянальнасці такога рода пабудовы. Як пратапіць? Чаму толькі вялікія памяшканні, а дзе утульныя спальныя і дапаможныя памяшканні? Двухскатны дах, які узвышаецца над замкавым мурам добрая мэта для падпалення замка. Чаму капітальныя мураваныя сцены палаца Вітаўта не былі цалкам уключаны у палац Баторыя? Чаму на гравюры на месцы палаца толькі замкавы мур, а у інвентары фігурыруе толькі свіран з двума мураванымі падваламі і двума драўлянымі памяшканнямі над імі. Можа палац быў драўляны з аднім скатам даха і пазней яго прыстасавалі пад свіран? Палацаў не было ні ў Крэве, ні ў Лідзе, ні ў Медніках, абсалютна без доказна іх малююць у Віленскім замку, Троках,  Наваградку. Можа надхненнем для сучасных рэканструктараў ёсць Мальбарк, Славацкія замкі. А можа ўладныя амбіцыі Вітаўта былі такія значныя, што царква была малая, муры клаліся без капітальных падмуркаў, а палац быў як мае быць. Выснова тут фарміруецца адна – паміж Гарадской і Круглай вежы, у межах выяўленых падмуркаў свіран  на двух мураваных падвалах, падзелены на два памяшканні, з аднаскатным дахам,  “прылеплены” да замкавага мура.

    Аб’ект №7 Будынак з боку Нёмана. Археалагічныя раскопкі выявілі мураваную пабудову 15ст. шырынёй у дзесяць метраў, прылепленую да “княскага хорама” 12 ст. і замкавага мура. Усе рэканструктары сыходзяцца на то, што гэта была двухпавярховая пабудова з жылымі і гаспадарчымі памяшканнямі і аднаскатным дахам. Ці быў то палац Вітаўта, мажліва, не так важна. На карысць гіпотэзы палаца – зручнае становішча будынка, супраць – традыцыя князёў жыць у вежах.

    Верхняя царква. Калі чытаешь матэрыялы даследчыкаў пра  другую замкавую царкву, то здзіўляешся іх разнастайным высновам, нават па часе пабудовы, не кажучы ўжо пра знешні выгляд аб’екта. У чым нам трэба быць упэўненым для стварэння рэканструкцыі на пачатак 15ст.? Што на гэты перыяд царква была дакладна пабудаваная і дакладна не была яшчэ разбурана. Што дакладнае месца яе знаходжання, абрысы яе мы ведаем з археалагічных раскопак. А рэканструкцыю яе завяршення можна прыняць аўтарства Алега Трусава, як варыянт, які найбольш заслугоўвае даверу, бо мае спасылкі на пэўныя знаходкі характэрныя для гатычнай архітэктуры, а таксама на аналагі гэтага перыяду.

    Замкавыя муры.  Рэшткі муроў нам паказваюць канфігурацыю замка, характар муроўкі, месцы кантрфорсаў (збольшага) і таўшчыню сцяны 2,5-3 метры. Калі ў дапамогу прызвать аналагі, то, як не дзіўна, найбольш захаваўшымся прыкладам замкавага мура застаецца паўднёвы бок Лідскага замка. Можна капіраваць вышыню – 12 метраў, характар і форму байніц і галерэй. Варта, таксама, увесці з боку горада у мур Гродзенскага замка дэкарацыйны элемент характэкны для замка Лідскага – пояс паўцыркульных арак у аснове баявой ралерэі з вонкавага боку замка. Правільней было б па прынцыпу (калі мала інфармацыі – то, чым прасцей тым менш фантазійна), але у больш важнай і манументальнай вялікакняскай рэзідэнцыі, чым лідскі замак, павінна было быць больш дэкарацыі. З боку Нёмана у муры гродзенскага замка захаваліся венцыляцыйнае вакно і паўцыркульны праход. Праход хутчэй за ўсё служыў запасным выхадам з замка, а таксама вадазлівам з паверхні замкавага двара. А венцыляцыйнае вакно падцвярджае тое, што аб’ёмы “княскага хорама” 13 ст. часткова выкарыстоўваліся на пачатку 15ст. і “палац Вітаўта” па форме быў не такім простым і адназначным.

    Драўляная забудова замка 15 ст. так добра не захавалася, як гарадскія вулачкі 12-14 ст. , але культурныя пласты сведчаць, што яна ў гэты перыяд была. Мажліва цяпер толькі стылізацыя, якая абапіраецца на аналагі, рацыянальны падыход і частковае выкарыстанне планіроўкі 13 ст.  Да таго ж на вялікай плошчы замкавага двара даследчыкі фіксуюць так званы “брук Вітаўта”.

    P.S.

    Па заканчэнні лекцыі, адзін са слухачоў, прыхільнік чатырохвежавай тэорыі, указаў на слабое доказнае месца ў маім дакладзе. Калі не прымаць тэзу аб фатаграфічнай дакладнасці рысунка Адэльгаўзера, то мая канструкцыя развальваецца. Апанент прапамаваў адлюстраванне замка 1568 года успрымаць вельмі крытычна. Мы сайшліся на тым, што крытыкаваць можна прапорцыі тых, ці іншых аб’ектаў, што робіць немажлівым дакладную лакалізацыю Круглай і Брамнай вежаў (Гарадцкая і Наднёманская захавалі сваі парэшткі). Гэтую ж памылку, што і я (я не лічу гэта памылкай, таму што мы робім найбольш верагодны варыянт, а не ісцінны, а пры такой сістэме любая інфармацыя з’яўляецца аргументам ў вызначэнні канчатковага варыянта праекта) робяць і сучасныя рэканструктары замка (так званая “камяніца” з’явілася ў двары замка выключна дзякуючы прапорцыям на адлюстраванні Макоўскага). На адлюстраванні Адэльгаўзера адносна аб’ектыўна можна успрымаць толькі нейкія асаблівасці планіроўкі дамінант, напрыклад, замкавая брама сапраўды была двухпавярховай вежай з адкрытай баявой галерэяй зверху, з так званай “святліцай” зправа, а таксама уваход аздоблены рустам. Что ж, паспрабую даказаць сваю рацыю без вымярэнняў на гравюры.

    У адэптаў чатырохвежавай тэорыі з брамай у Наднёманскай вежы ёсць наступныя аргументы: у інвентары 1578 года упамінаюцца толькі чатыры вежы, паміж Наднёманскай вежай і сучаснай брамай ніякіх рэштак брамы не знойдзена, што так блізка будаваць дзве вежы не мэтазгодна, а на гравюры Цюндта за крайне левай дамінантай нічога няма, абрыў, а гэта значыць намалявана вежа на мысе (фу, здаецца ўсё). Цяпер мае аргументы.

    Наднёманская вежа тэхнічна не магла быць брамнай.  Шырыня Наднёманскай вежы 11,5-12 метраў, шырыня муроў 2,5-3 метры, унутраная прастора толькі шэсць метраў, шырыня праезда мінімум тры метры, а ў інвентары ясна напісана пра памяшканне побач з уваходам, для якога у такой сістэме проста не застаецца месца (праўда, можна яснасць не так прачытаць, палічыць святліцу зверху, а уваход на верх праз знешні згнілы ганак, але гэта як на белае казаць чорнае). Яшчэ адзін тэхнічны ляп – мост які выходзіць ў Нёман. У замку няма студні, бо тэхнічна складана і дорага, муры замка фактычна ляжаць на паверхні, бо мы лічым кожны валун, праз Нёман няма маста, бо гэта складана і дорага, і пры гэтым  мы будуем высачэзную дарагушчую канструкцыю, якая кружыць на хліпкім беразе ракі, якую ў першую ж веснавую паводку знясе крыгаход да ўсіх балтык разам узятых, і ўсё для таго – бо так лепш для абароны, не смяшыце, пашукайце аналагі, і пачніце рыць калодзеж для узмацнення абароны.

    Чаму другая вежа ў інвентары гэта Наднёманская вежа.  Апісанне ў інвентары вежы нумар два вельмі сугучна з параметрамі Наднёманскай вежы пачатку 17ст і схем пачатку 18ст., і у тым, і ў наступных варыянтах ёсць падвал, а ў вежы на мысе (калі яна была) падвала не было, гэта паказваюць археалагічныя раскопкі – ужо на узроўні 123 метраў над узроўнем мора назіраецца мур з плімфы 12-13ст., што не дае глыбіні падвалу 15ст.

    Чаму Наднёманская вежа так блізка ад Брамнай. Так блізка ад брамы вежа таму што яе месца абумоўлена не патрэбамі абароны, а тэхнічнай неабходнасцю. Тут аптымальнае месца для арганізацыі асновы кантрукцыі “цапа”, які злучаў паміж сабой два берагі Нёмана. Ён упамінаецца троху раней за разглядаемы перыяд і як раз з прычыны яго разрыва. Але гэта не значыць, што ён не быў пазней адноўлены. Адсутнасць маста, самыя глыбокія падмуркі Наднёманскай вежы (11метраў), магутныя “якары” (сваеасаблівыя паздемныя кантрфорсы, знойдзеныя археолагамі з боку замкавага двара), які дадаюць вежы стабільнасці пры бакавой нагрузцы, нават, арганізацыя каралеўскай лазні тут, у гэтай вежы ў 16ст, даюць перакананне, што Наднёманская вежа была пабудавана спецыяльна для канструкцыі “цапа” і гэты механізм дзейнічаў, прынамсі, да будаўніцтва маста, а як вадаправодная сістэма і на пачатку 17ст.

    Дзе рэшткі Брамнай вежы. Калі шукаць Брамную вежу паміж Наднёманскай і Круглай, то перш за ўсё трэба шукаць “дзіркі” у мурах 15ст. Разрыва няма пад новай брамай і паўднёвай прыбудове да яе, пад рамантаваным у 16ст мурам над Нёманам таксама засталася аснова 15ст. Але якраз на павароце сцяны, дзе ёсць два неапраўдана шырокія і доўгія кантрфорсы паміж якімі адлегласць у 10 метраў, памер для арганізацыі праезда, а троху далей паўднёвая аснова паўднёвай прыбудовы да сучаснай брамы, адлегласць у памер нейкага памяшкання, а з боку двара ў гэтым месцы сілавая дуга з цэглы пазнейшай чым 15ст. над ёй пабудавана сцяна прахода з палаца ў лазню. Такія дугі служаць амартызатарамі для стойкасці канструкцый і злучаюць два асобныя часткі, у гэтым месцы ніжэй ёсць кладка 15ст., але ў Брамнай вежы быў тырэмны падвал… Я не сцвярджаю, што гэта парэшткі Брамнай вежы, але не устрымаюся ад спасылкі да гравюры – вектар разлікаў на адлюстраванні Адэльгаўзера дакладна накіроўваецца у гэтую ж кропку.

    Чаму на гравюры за Наднёмакнскай вежай нічога няма, і дзе вежа на мысе. Мы ж дамаўляліся не чапаць гравюры… Тым больш, што тут могуць быць самыя суб’ектыўныя, самыя неабгрунтаваныя тлумачэнні. У сваёй працы “Лакалізацыя .. “ я паспрабаваў растлумачыць, чаму на гравюры Цюндта панарама замкаў і панарама горада паміж сабой злучаны некарэктна. На мой погляд на гравюры мы бачым працу двух людзей: чалавека, які знатуры рысаваў лініі гарадской забудовы, і чалавека, які потым у майстэрні злучаў іх ў адзін краявід і аздабляў адлюстраванне сюжэтамі і прыродай. Дык вось – пабудовы замка рысаваліся знатуры, а форма замкавай гары “падганялася” чалавекам, які яе не бачыў. Атрымліваецца, што пабудоў на мысе ужо не было і іх з-за гэтага не адлюстравалі, а пустое месца гары не намалявалі, таму што логіка чалавека які не бачыў гэтай гары адна – гара заканчваецца там, дзе заканчваюцца пабудовы.

    Чаму круглая вежа там, дзе яна ёсць. Таму, што яе няма ў іншых месцах. Варыянт таго, што круглая вежа знаходзілася там дзе цяпер знаходзіцца брама (а менавіта яе падтрымліваюць прыхільнікі чатырохвежавай тэорыі, бо там яна павінна знаходзіцца на іх позік на гравюры Цюндта). Проста пры будаўніцтве новай брамнай вежы яе цалкам зрылі і парэштак ніякіх не засталося, засталіся ў аснове вежы муры 15ст, а круглай вежы проста не пашэнціла. Гэты варыянт, мекка кажучы, бездоказны. Калі не мерыць з лінейкай адлюстраванне Адэльгаўзера, то месцаў, дзе могуць знаходзіцца парэшткі круглай вежы  не так ужо і шмат засталося не даследваных. Гэта, альбо месца так званага “барбакана”, альбо  месца пад памяшканнем, дзе ў музеі старога замка былі касы (менавіта яно мной выбрана для макета), альбо месца пад заляй побач з касай, там дзе была этнаграфічная экспазіцыя (гэтае месца фігурыруе у рэканструкцыях міжваенннага перыяду).

    Здаецца ўсё, а то я ўжо паўтараюся. Макет Старога замка на часы Вітаўта можна убачыць у вольным доступе ў экспазіцыі Цэнтра Спадчына па вул. Рэйманта 12. А на заканчэнне проста так, лірыка (бо гэта ж  проста м?

    Читайте по теме:


    Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий!

    Комментарии: 9

  • Сергей Морозов подготовил проект и сделал снимки Гродно с высоты птичьего полета. На них вы не найдете людей и транспорта, город словно замер в тишине, пишет «Вечерний Гродно».

    Корпорация «Росатом» зафиксировала около 100 случаев заболевания COVID-19 на площадке в Беларуси, сообщил глава госкорпорации Алексей Лихачев в видеообращении.

    Выгодные предложения, акции и удобные финансовые инструменты позволяют даже самым обычным семьям из любых белорусских регионов планировать здесь покупку собственного жилья!

    Собственники квартир в доме №302а по улице Суворова стали первыми, кто решил заняться озеленением придомовой территории, высадив несколько десятков деревьев и кустарников. За ними потянулись и соседи.

    Интернациональная драма. Экс-капитан олимпийской сборной Камеруна Поль Роллан Бебе Кинг – выступал на Играх в Пекине – оказался в Гродно в январе 2015-го.

    До нашествия коронавируса салоны красоты и парикмахерские не могли посетовать на то, что сидят без работы. Сегодня вынуждены констатировать – в залах – пусто.

    Израиль, возглавивший рейтинг самых безопасных во время пандемии стран, возвращается к обычной жизни. Как там контролируют людей, сколько платят медикам - рассказала переехавшая в эту страну медсестра...

    Все новости