• На што паглядзець акрамя замчышча? Гайд па Наваградку ад «Будзьмы»

    На што паглядзець акрамя замчышча? Гайд па Наваградку ад «Будзьмы»

    Сёння вандруем з Будзьма ў першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, цяперашні раённы цэнтр, горад Навагарадак. 

    Як дабрацца?

    З Гродна да Наваградка — каля 150 кіламетраў. Прасцей за ўсё дабірацца ўласным аўто па шашы М6, павярнуўшы на Р11, а цікавей — праз Р141.

    Што паглядзець?

    Наваградак вядомы сваім унікальным рэльефам: ён размяшчаецца на самым высокім пагорку аднайменнага ўзвышша на вышыні 332 метры. Гэтая акалічнасць зусім не тыповая для сярэднявечных беларускіх гарадоў, якія зазвычай пачыналіся з паселішчаў на мысе ў месцы зліцця дзвюх рэк. Але вады старажытным наваградчанам не бракавала. З-пад самага замкавага пагорка па сённяшні дзень б’е крыніца, вядомая ажно з ХІІІ стагоддзя. Крыніца не змярзае нават у самыя лютыя маразы. З яе можна пакаштаваць вадзічкі і сёння.

    Па матэрыялах археалагічных раскопкаў сярэдзіны мінулага стагоддзя, можна меркаваць, што неўмацаванае пяселішча з’явілася на месцы сучаснага Наваградка ўжо напрыканцы Х стагоддзя. Паселішча пачыналася з так званага Ніжняга замка. Знойдзеныя тут артэфакты сведчаць пра тое, што ўжо ў ХІІ стагоддзі тут меўся «квартал ювеліраў», якія пражывалі на той час у атынкаваных двухпавярховых упрыгожаных фрэскамі дамах са шклянымі вокнамі. Для параўнання, нават у ХVII стагоддзі ў расейскім царскім палацы шкло збольшага замяняла слюда. То бок горад не быў маленькай правінцыяй, а меў значную ролю ў тагачасных гандлёвых сувязях ад Скандынавіі да Візантыі, быў уплывовым культурным цэнтрам.

    Каля 1250-х гадоў Наваградак перайшоў пад уладу князя Міндоўга. Акалічнасці гэтага пераходу дасюль вялікая таямніца, як і паходжанне князя, але можна меркаваць, што ў гэты час быў закладзены пачатак Вялікага Княства Літоўскага. У ліпені 1251 Міндоўг прымае хрост у каталіцтва і карануецца на «Караля Літвы» — першага і апошняга ў гісторыі ВКЛ.

    З Міндоўгам звязана не адна легенда. Невядома, дзе знаходзіцца яго карона і ці была яна наогул. Невядома, дзе знаходзіцца месца пахавання караля. Існуе легенда, што Міндоўг перад смерцю зноў навярнуўся ў веру продкаў, вярнуўся ў Наваградак, а пасля забойства быў пахаваны ў кургане. Меркаванае месца пахавання — узгорак, дзе сёння знаходзяцца старыя хрысціянскія могілкі — «гара Міндоўга».

    З іменем яшчэ аднога князя ВКЛ звязана будаўніцтва напрыканцы ХІV стагоддзя ў Навагарадку гатычнага фарнага касцёла Прамянення Гасподняга. Паводле падання, Вітаўт узвёў фару на месцы капішча.

    У 1422 годзе ў гэтым касцёле пад замкавай гарой бралі шлюб Ягайла і Соф’я Гальшанская. Храм быў моцна перабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі ў стылі сармацкага барока. Тут жа быў хрышчаны Адам Міцкевіч.

    Яшчэ адзін наваградскі касцёл звязаны з іменем Адама Міцкевіча — Дамініканскі, сёння Міхаіла Арханёла. Тыповы барочны касцёл, пабудаваны ў 1724 годзе.

    На пачатку ХІХ стагодзя пры касцёле дзейнічаў дамінікаскі кляштар, у школе пры кляштары і вучыўся Адам Міцкевіч.

    За агароджай пабудоў касцёла Святога Міхала можа пабачыць стаянку для аўтатранспарта. Да вайны тут была плошча з Вялікай халоднай сінагогай 1648 года пабудовы у цэнтры. Мясцовая габрэйская абшчына выкупіла будынак у караімаў. Насельніцтва Наваградка да Другой сусветнай вайны на 63% складалася з габрэяў, якія ўпершыню пасяліліся тут у ХV стагоддзі. Сінагога была разбурана 2 ліпеня 1964 года.

    Наваградак — яскравы прыклад тыповага шматнацыянальнага і шматканфесійнага беларускага мястэчка. Тут маецца і праваслаўная царква — Барысаглебская, збудаваная ў 1517 — 1519 гг. на месцы храма ХІІ стагоддзя.

    Спачатку царква была гатычнай, пасля ў 1624 — 1632 гг. перабудаваная ў стылі сармацкага барока, а пасля антырасейскага паўстання ХІХ стагоддзя — у псеўдарускім стылі. Некалькі год таму да царквы былі дабудаваныя дзве пазалочаныя вежы. Выглядае дзіўна, але па адной толькі царкве можна адсачыць розныя перыяды гісторыі Наваградка.

    Унутры царквы варта звярнуць увагу на захаваныя зусім не тыповыя для царквы скляпенні.

    Галоўны праваслаўны храм Наваградка — Свята-Мікалаеўскі сабор. Ён перабудаваны з узведзенага ў 1780 годзе францішканскага касцёла.

    Фасад перабудаваны пасля пажару ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Унутры можна яшчэ пабачыць рэшткі аўтэнтычнага роспісу сценаў.

    У канцы ХІV — пачатку XVстагоддзя рэлігійна талерантны князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і яго наваколлі татар. Сённяшні будынак Наваградскай мячэці 1855 году пабудовы, стаіць на ранейшым месцы, дзе была ўзведзена першая мячэць яшчэ ў ХVI стагоддзі. У ёй маліліся ажно да Другой сусветнай вайны. За савецкім часам мячэць перабудавалі ў жылы дом. Да вернікаў будынак перайшоў толькі ў 90-я.

    Турыстычнай візітоўкай Наваградка, безумоўна, з’яўляюцца руіны замка. Раней замак быў драўляны, першая каменная вежа тут была ўзведзена ў ХІІІ стагоддзі. На замчышчы стаяла царква і княскі палац. Верагодна, у ім спыняліся Вітаўт і Ягайла. Лічыцца, што Наваградскі замак быў адным з наймагутнейшых умацаванняў на беларускіх землях у ХІV стагоддзі.

    Падчас войн з Масковіяй ХVІІ стагоддзя замак моцна пацярпеў. Яго вежы былі разбураныя, і ён цалкам страціў свае абарончыя функцыі. На замчышчы пасвілі свіней, вывозілі сюды будаўнічае смецце. Камянямі з замку ў 1802 годзе па загадзе прызначанага ў Гародні губернатара Бенінгсана, брукаваліся вуліцы Наваградка.

    Толькі ў міжваенны час, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы, руіны замка былі ўзятыя пад ахову: была праведзена кансервацыя рэштак вежаў, узведзены апоры. Быў адноўлены прыблізны план замка, але сапраўдны ягоны выгляд не вядомы па сённяшні дзень. На падставе навуковых высноваў 1970-х гадоў Міхася Ткачова, мастак Яўген Кулік распрацаваў мастацкую рэканструкцыю, якая бярэцца за аснову ўсіх сучасных выяваў замка.

    26 ліпеня 1511 года Наваградак адным з першых сярод беларускіх гарадоў атрымлівае магдэбургскае права — прывілей на самакіраванне ў фінансавых і гападарчых пытаннях. Адпаведна, была тут і свая ратуша, пабудаваная ў ХVІІ стагоддзі. У ратушы месціўся магістрат — абраная мясцовая ўлада, там захоўвалася казна. На ратушнай вежы з гадзіннікам размяшчаўся флюгер у выглядзе арханёла Міхаіла. Пасля пажаре 1862 года ратушу вырашылі не аднаўляць і канчаткова разабралі.

    Яго ж, арханёла Міхаіла, можна пабачыць і на гербе Наваградка, прызначаным гораду ў 1595 годзе. Выява герба — адна з самых ранніх у геральдычнай традыцыі беларускіх гарадоў.

    Асноўным заняткам жырароў старажытнага Наваградка былі рамёствы. Наваградскі кірмаш, дазвол на правядзенне якога даваў магдэбургскі прывілей, быў вядомы нават у Вільні. Сёння пра мінулае нагадвае гандлёва-складскі комплекс, пабудаваны ў 1812 годзе ў стылі класіцызму.

    На ХІХ стагоддзе сярод месцічаў Наваградка было больш шяхты, чым нават у Горадні, — 420 чалавек. Горад хаатычна разбудоўваўся мураванымі дамамі, аднак захоўваў сваю першапачатковую, тыповую для большасці сярэднявечных еўрапейскіх гарадоў, радыяльную планіроўку (ад цэнтральнага пляца вуліцы разыходзяцца, нібы промні).

    У міжваенны час Наваградак стаў цэнтрам ваяводства ў складзе Польшчы, таму стаў актыўна забудоўвацца адміністратыўнымі будынкамі ў стылі функцыяналізму, якіх сёння налічваецца каля 30.


    Адпаведна патрэбам гарадскіх служачых, у Наваградку з’явіліся тыповыя для народнай архітэктуры паўднёвай Польшчы таго часу драўляныя дамкі з парай масіўных калонаў на фасадзе ў так званым «закапанскім стылі».


     

    Выглядаюць даволі незвычайна для традыцыйнага ландшафта беларускіх гарадоў, таму знайсці іх не будзе праблемай.

    Наваградчына — радзіма Адама Міцкевіча. У міжваенны час у Наваградку склаўся своеасаблівы культ асобы беларускага пісменніка, які пісаў «O Litwo, ojczyzno moja» па-польску. Мясцовыя жыхары і турысты ў міжваенныя гады на месцы ніжняга замку насыпалі цэлы курган. Зямлю прывозілі са сваіх родных мясцінаў, некаторыя дасылалі яе поштай.

    Насупраць кургана стаіць помнік Адаму Міцкевічу.

    У цэнтральным парку Наваградка размяшчацца дом-музей Міцкевіча.

    Будынак адноўлены на арыгінальных падмурках сядзібы і гаспадарчых пабудоў сям’і Міцкевічаў паводле старых фотаздымкаў.

    На месцы, дзе зараз знаходзіцца аўтавакзал, калісьці цягнулася вузкакалейка, якую праклалі немцы яшчэ ў 1916 падчас Першай сусветнай вайны, бо па Нёмане праходзіла лінія фронту. Чыгунка была пракладзена з Наваельні праз Наваградак ажно да Любчы. Будынак чыгуначнага вакзала 1920 г. пабудовы выдатна захаваўся і па сёння, яго можна пабачыць побач з будынкам цяперашняга аўтавакзала.

    Вядома, што Наваградак у 1969 годзе наведваў Уладзімір Высоцкі. Спыняўся ён у гасцініцы «Навагрудак» і ў вёсцы Літоўка, што за пару кіламетраў ад Наваградка. Наваградчына — вельмі рамантычнае месца. Лясы, узгоркі, шляхецкія сядзібы — тут адчуваецца дух далёкага ХІХ стагоддзя. Не дарма гэты куток Беларусі натхняў Адама Міцкевіча на працягу ўсяго жыцця, нават за тысячы кіламетраў. Хто ведае, можа і Уладзіміру Высоцкаму нешта перадалося: не здарма ж ён напісаў тут сваю самую лірычную песню пад назвай «Лірычная», зусім не тыповую для свайго рэпертуара. Сёння пра Высоцкага ў Наваградку нагадвае помнік на вуліцы Савецкай.

    Што не пабачыць

    У 2017 годзе ў Эрмітажы быў выстаўлены «Кубак Святой Ядзвігі», знойдзены на раскопках Ніжняга замка ў Наваградку. Такія келіхі выкарыстоўвалі падчас каранацый і найвышэйшых урачыстасцяў. Лічыцца, што гэта быў падарунак Міндоўгу ад візантыйскага імператара Атона ІІ. Паводле легенды, шкляны кубак з выявай грыфона, ільва і дрэва жыцця мог ператвараць ваду ў віно. На сёння вядома 14 такіх кубкаў у музеях Польшчы, Нямеччыны і Брытаніі. Брытанскі музей уключае іх у «Топ-100» найважнейшых помнікаў агульначалавечай матэрыяльнай культуры.

    Дзе паесці

    Да пандэміі Наваградак быў адным з самых наведвальных замежнымі турыстамі гарадоў. Таму месцаў, дзе падсілкавацца, пакуль не бракуе. Але чым далей, тым больш кропак грамадскага харчавання можна не знайсці на ранейшым месцы.

    Бюджэтным турыстам і аматарам сталоўскай ежы будзе пасаваць кафэ «Маладзёжнае» (адна з нешматлікіх установаў, якая працуе з 8-й ранку), аматарам сушы — кафэ «Капібара», аматарам беларускай і еўрапейскай кухні — бар «Легенда» (актуальна на студзень 2021).

    Варта звярнуць увагу на кавярню «Кавярня», якая адчынілася ў снежні 2020 ў будынку ХІХ стагоддзя на цэнтральнай плошчы Наваградка.

    Ужо на ўваходзе зразумела, што патрапіў «туды». Праваруч сустракаюць партрэты нацыянальных герояў, у чыёй кампаніі за гонар выпіць філіжанку кавы ці ўзняць келіх чаго мацнейшага «за нашу і вашу свабоду».

    Выбар тут надзвычай разнастайны. Варта адразу пакаштаваць фірмовую каву «Кавярні» па рэцэпце з «Пана Тадэвуша». «Кавярня» прапануе і саграваючыя «нацыянальныя» кавы.

    У падвале будынка кавярні размяшчаецца пякарня, дзе гаспадары штодня гатуюць смачныя дэсерты. Апроч разнастайных пірагоў тут можна пакаштаваць і цукеркі ўласнай вытворчасці.

    Гаспадары Уладзімір і Ганна запамінаюць сваіх гасцей, іх густы, прыхільнасці. У «Кавярні» ўсё зроблена шчыра і густоўна: беларуская мова гаспадароў, меню, афармленне інтэр’еру. Адчуваеш сябе сапраўды як дома ў цэнтры Еўропы.

    Ва ўласнікаў «Кавярні» вялікія планы і адносна культурніцкага жыцця Наваградка. У сераду і ў пятніцу яны запрашаюць да сябе музыкаў ды праводзяць акустычныя выступы. У будучыні плануюць зрабіць кавярню яшчэі культурніцкай пляцоўкай на мапе горада.

    Што прывезці

    У Навагрудку варта пакаштаваць квас на аснове рысавага грыба. Улетку яго можна знайсці на разліў у розных кропках горада. А не ў сезон — у любой краме горада, але ў пластыкавых бутэльках.

    Дзе заночыць

    На студзень 2021 ў Наваградку можна заночыць ў некалькіх гатэлях. Напрыклад, адносна новы гатэль Гражына месціцца ў самым цэнтры ў будынку 1930 года пабудовы. Кошты за нумар — ад 60 BYN.

    Трошкі далей, за 4 км. ад цэнтру можна размясціцца на беразе возера ў гасцініцы пры біятлонным комплексе «Сялец». Там магчыма ўзяць ірты ў арэнду. Рэльеф Наваградчыны прыемна ўразіць аматараў зімовых атракцыяў. Нумары разлічаны максімальна на 6 чалавек, мінімальна — на 2-х. Кошты пачынаюцца ад 25 BYN за чалавека.

    Да пандэміі варыянтаў дзе заночыць было значна больш, але зараз хто на рамонце, хто часова прыпыніў працу.

    Куды схадзіць

    Гісторыка-краязнаўчы музей.

    У Наваградку дзейнічае невялікі, але густоўны, гістарычны краязнаўчы музей.

    З археалагічных раскопак сярэдзіны мінулага стагоддзя тут можна сустрэць не шмат артэфактаў: большасць іх звезена ў Пецярбург, адкуль і была першая экспедыцыя пад кіраўніцтвам Фрыды Гурэвіч у 1950-х.

    У Наваградскім музеі з матэрыялаў раскопак першага паселішча варта звярнуць увагу на рэшткі глінянага посуду Х стагоддзя, кавалкі Візантыйскага шкла, распісанага золатам і эмаллю.

    Ёсць тут і археалаічная калекцыя з раскопак навакольнага горада ды набліжаных вёсак.

    У музеі некалькі заляў, прысвечаных розным перыядам гісторыі Наваградчыны і выбітным асобам, народжаным тут.

    Мастацкая галерэя Кастуся Качана.

    Варта наведаць галерэю-майстэрню Кастуся Качана. Тут можна пабачыць паўсотні працаў беларускага мастака. Кастусь Качан — майстар пейзажнага жывапісу і нацюрморту. Вельмі настраёва і запамінальна мастак увасобіў на карцінах характар, дух, гісторыю беларускіх мястэчак.

    Апроч карцін, у галерэі можна паглядзець калекцыю посуду і мэблі ХІХ-ХХ стагоддзяў, якой апякуецца жонка Кастуся Качана.

    У зімовы перыяд лепей папярэдзіць гаспадароў пра свой намер наведаць галерэю і загадзя дамовіцца аб экскурсіі, бо ў пазначаныя часы працы можа быць зачынена.

    Дом-музей Адама Міцкевіча.

    У Наваградку дзейнічае дом-музей Адама Міцкевіча.

    З часоў Міцкевіча ў аўтэнтычным выглядзе тут засталася кухня.

    Кожная з 5 заляў музея ўвасабляе розныя перыяды жыцця Адама Міцкевіча з дапамогай карцін, каніг, мэблі і іншых рэчаў — сучаснікаў паэта.

    З рэчаў, якія дакладна памятаюць Адама Міцкевіча, тут варта звярнуць увагу на гадзіннік, які стаяў у яго пакоі ў Вільні, і на акуляры, што пэўны час належалі пісьменніку.

    У фондах музея знаходзяцца 9 прыжыццёвых выданняў твораў Адама Міцкевіча, 120 старадрукаваных кніг, рукапісы. Варта звярнуць увагу на арыгінальнае выданне паэмы «Пан Тадэвуш» з аўтэнтычнымі малюнкамі мастака Міхала Эльвіры Андрыёлі — актыўнага ўдзельніка паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Такіх кнігаў было выдадзена не больш за 100 асобнікаў.

    Музей габрэйскага супраціву.

    На ўездзе ў горад з боку Мінска варта наведаць музей габрэйскага супраціву.

    Экспазіцыя займае будынак былога барака на месцы колішняга гета, адкуль вязні зладзілі спробу ўцёкаў, пракапаўшы ўласнаруч 200-метровы танэль.

    Гісторыя ўцёкаў з Наваградскага гета — адна з нешматлікіх у гісторыі і самая масавая: далі рады ўратавацца каля 250 чалавек з 7000 насельнікаў гета.

    Частка з іх далучылася да партызанскага атрада братоў Бельскіх, які дзейнічаў у Налібоцкай пушчы. Пра гэты драматычны эпізод гісторыі Наваградчыны варта паглядзець фільм «Выклік» 2008 года.

    Читайте по теме:


    Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий!

    Комментарии: 3

  • Министр энергетики Виктор Каранкевич сообщил, что в Беларуси изучается вопрос создания майнинг-ферм. Об этом передает телеграм-канал «Минэнерго Официальный».

    Autogrodno.by публикует видео, как происходят столкновения на примере вчерашней аварии на перекрестке улиц Огинского и Наполеона Орды.

    Второй энергоблок Белорусской атомной станции в Островце готов на 78%. Об этом рассказал министр энергетики Виктор Каранкевич.

    Первая такая библиотека уже собрана сотрудниками компании и будет направлена в Гродненскую специальную школу-интернат для детей с нарушением слуха.

    В суде Ленинского района Гродно началось рассмотрение уголовного дела над водителем автодома Сергея Тихановского — Александром Арановичем.

    Ночью 23 февраля мужчина «навеселе» «подрулил» в Макдональдс. Но хорошее настроение резко испортил тот факт, что ресторан быстрого питания ночью открыт лишь для автомобилистов.

    Оказалось, что пистолет – газовый и, к тому же, неисправный. Со слов фигуранта, он нашел его на улице, а нож – изготовил сам.

    Все новости