• Дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Ігар Гедзіч: У нас будзе тэатр з новымі тварамі і непарушнымі традыцыямі

    Дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Ігар Гедзіч: У нас будзе тэатр з новымі тварамі і непарушнымі традыцыямі

    На мінулым тыдні Купалаўскі распачаў свой 101-ы сезон. На фоне гэтай падзеі «Звязда» вырашыла пагутарыць з кіраўніком рэгіянальнага тэатра, трупа якога таксама пацярпела ад «вайны поглядаў»: калектыў на пэўны час наогул застаўся без рэжысёраў, сыходзілі і вядучыя майстры сцэны. Што адбываецца ў тэатры зараз? Якая роля храма Мельпамены ў выхаванні сапраўдных патрыётаў? І наколькі важна ўмець захоўваць гістарычную памяць для падтрымання народнага адзінства? На гэтыя тэмы паразважалi з дырэктарам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і сенатарам Ігарам Гедзічам.

    Інфармацыйныя рэсурсы — як людзі-мухі і людзі-пчолы

    — Купалаўскі тэатр, на мой погляд, прайшоў агонь, ваду і медныя трубы. Аднак сітуацыя, якая была ў Купалаўскім, — гэта не сітуацыя, што была ў Гродзенскім, калі мы страцілі 20 % трупы. У калег гэтая лічба была значна большай. Таму, натуральна, працэс аднаўлення з'яўляецца няпростым, але неабходным. Час паказаў, хто ёсць хто ў сённяшні момант, і цудоўна, што Вольга Няфёдава, як таленавітая і адказная, прымала самы актыўны ўдзел у аднаўленні тэатральных працэсаў, як бачым, так званыя старыя Купалаўскага тэатра не паддаліся на маніпуляцыю і не здрадзілі тэатру. Дзякуй тым, хто застаўся, і дзякуй богу, што ёсць такія людзі, якія (нягледзячы ні на што) аддана служаць тэатру і ніякія эмацыянальныя рэчы — хайпы і гэтак далей — іх не прыцягваюць.

    І тое, што з'явілася моладзь — цудоўна! Галоўная гераіня — студэнтка ІІ курса. Я чытаў розныя меркаванні і бачу, што некаторыя інфармацыйныя рэсурсы (як людзі-мухі і людзі-пчолы) пісалі пра нервовы цік і тое, што глядач баяўся БЧБ-праяў. Гэта прыкмета таго, наколькі такія рэсурсы накіраваны на раз'яднанне грамадства ў Год народнага адзінства.

    Наогул, трэба пераймаць рашэнні, як нам кажуць, у аплотах заходняй дэмакратыі: напрыклад, у Фінляндыі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах караецца двума гадамі турмы. Мы зараз унеслі змены ў КаАП і ПВКаАП (яны разглядаліся на апошнім пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі. — Заўв. аўт.), бо, сапраўды, дзяржава сутыкнулася з пагрозай, на якую неабходна адэкватна рэагаваць. На мой погляд, пратэсная хваля, якой пагражаюць вясной, — яе не будзе. Аб гэтым сведчаць і палітолагі, і можам адчуваць наратыў у СМІ, і ў каментарыях радыкальных тэлеграм-каналаў.

    Атмасфера змянілася да лепшага

    — Вы згадалі аб тым, што Гродзенскі драматычны тэатр 20 % трупы страціў. Як справіліся?

    — У цяперашні момант пададзены заяўкі на размеркаванне дзевяці маладых акцёраў. Мы чакаем, што гэта будуць выпускнікі БДУКМ, БДАМ і Магілёўскага каледжа. Ёсць пэўная дамоўленасць, і спадзяёмся, што да нас прыйдзе моладзь: новыя людзі, новыя твары. Мы ўжо правялі кастынгі, ёсць нават персанальная заяўка на размеркаванне. Але пакуль не буду называць прозвішча. Скажу толькі, што мы былі прыемна здзіўлены: калі гэты чалавек з'явіцца ў нашым тэатры, гэта будзе добры крок да рэальнага стварэння якаснай трупы з маладой крывёй.

    — Вы кажаце аб планах, але, страціўшы пятую частку трупы, трэба было выходзіць са становішча і аднаўляць рэпертуар. Якім чынам?

    — Мы ўзнавілі некаторыя праекты і зараз вяртаем рэпертуар (гэты працэс будзе працягвацца і надалей). Перад намі стаіць дваякая задача: калі раней мы ставілі новыя праекты, то зараз знаходзімся ў такім становішчы, калі трэба ў старыя праекты ўводзіць новых людзей. Таму дваякая задача ўносіць адпаведны тэмп у тэатры. Ён зараз іншы. Даводзіцца паралельна развіваць два кірункі і рабіць так, каб яны не перасякаліся адзін з адным, бо існуюць пэўныя тэатральныя нюансы. Па трупе магу сказаць, што людзі, якія засталіся ў тэатры, кажуць аб змене атмасферы: няма злосці і агрэсіі. Разам з тымі, хто сышоў з тэатра, сышла і агрэсіўная палеміка, рэчы, якія адварочвалі чалавека ад тэатра і зацягвалі яго ў палітычнае поле.

    Традыцыі, якім не здраджваюць

    — Калі мы ўжо закранулі тэму настрояў у акцёрскім асяроддзі, аднаўлення рэпертуару, з'яўлення новых людзей, трэба згадаць і аб гледачах: яны заўважылі гэтыя змены, як гэта адбівалася на наведвальнасці? Я памятаю тую рыторыку, калі на хвалі жнівеньскіх падзей акцёрская трупа казала: маўляў, як мы можам іграць камедыі, калі наша светаўспрыманне гэтага не дазваляе?

    — Канешне, калі зайсці на адпаведныя рэсурсы (ёсць у нас тэатральныя акаўнты ў сацсетках) і там два чалавекі, якія рэгулярна займаюцца булінгам і тролінгам. Гэтыя два чалавекі як былі паўгода таму, так і застаюцца. То-бок гэтая крытычная маса не павялічваецца. Таму можна сцвярджаць, што на наведвальнасць уплывае толькі эпідэмічнае становішча. Сёння па факце (7 сакавіка. — Заўв. аўт.) прададзена больш за 270 білетаў на пастаноўку «Sex, каханне і падаткі». Гэтая лічба на цяперашні момант пікавая.

    — За год?

    — Так. Таму ёсць цікавасць і попыт з боку гледача, і гэта неаспрэчны факт. І добра, што бяруць білеты ў падарунак. Як была традыцыя — так яна і застаецца. І гэта надае аптымізму. Ведаеце, калісьці казалі, што тэатр памрэ, бо з'явілася кіно. Не памрэ! І паглядзіце, напэўна ўсё натуральна ў гэтым свеце адбываецца, і цыклічна, як у прыродзе. Так і ў тэатры — гэта таксама цыкл: будзе аднаўленне і будзе проста іншы тэатр. Як некаторыя кажуць: «Мы хочам іграць у новым тэатры і новай краіне». Ведаеце, у нас будзе тэатр з новымі тварамі, непарушнымі традыцыямі і ва ўтульнай краіне.

    Пад аховай анёлаў

    — Яшчэ вельмі балючы момант для тэатра: страта ключавых людзей — рэжысёраў (абодва сышлі, і Гродзенскі драмтэатр на нейкі час застаўся без рэжысёраў наогул). Наколькі мне вядома: здужалі, было шмат крытычных меркаванняў адносна таго, што пошукі новага мастацкага кіраўніка не будуць плённыя. Але гэта не так — прыйшоў Сяргей Яскевіч. Можа, новая персаналія будзе лепшая за папярэднікаў?

    — Магчыма, зараз яшчэ рана казаць (у мяне ёсць свае забабоны) і пець дыфірамбы заўчасна. Я мяркую, што трэба пачакаць год і тады рабіць высновы. Безумоўна, мы вельмі спадзяёмся на прыход маладых людзей, на тое, што нам хопіць душэўных сіл і фінансавых сродкаў для новага рэпертуару. І вельмі важна, што ў нас з'явіўся рэжысёр. Я з аглядкай назад магу сказаць, што было б складана. Верагодна, Гродзенскі тэатр знаходзіцца пад аховай адпаведных анёлаў, таму лёс спрыяе нам у вырашэнні складаных задач. Купалаўскі, на жаль, пытанне з рэжысёрам пакуль не вырашыў, гэта яшчэ наперадзе.

    Сяргей Яскевіч дастаткова тэмпераментны чалавек, і нейкая частка трупы першапачаткова крытычна да яго ставілася (нават калі ён яшчэ не прыйшоў, але мы з гэтым сутыкаліся). Зноў жа гэта датычыцца ацэнак ад радыкальна настроеных людзей: і абразы былі, і акупантам яго называлі, і гэтак далей. Але чалавек аказаўся моцны, адданы тэатру, і магу сказаць, што зараз у трупе людзі, якія не выказвалі сваё меркаванне, перайшлі абсалютна на яго бок. Я бачу, як ён працуе на сцэне, як людзі да яго ставяцца. І гэта ўсяляе аптымізм, і я рады, што тэатр яго прыняў. Для мяне гэта было вельмі важна.

    — Якія новыя праекты чакаць гледачу ад Гродзенскага тэатра і яго новага галоўнага рэжысёра?

    — Так, мы рыхтуем новыя пастаноўкі: «Смерць Тарэлкіна», «Навальніцу», казку для дзяцей, якую пакажам у красавіку. Натуральна, некаторыя спектаклі мы будзем аднаўляць. У планах вярнуць «Белкамедыю», «Вельмі простую гісторыю» і іншыя. Але гэты працэс працаёмкі. Мы спадзяёмся, безумоўна, на новых людзей, якія да нас прыйдуць: дзесьці неабходна ўводзіць тры-чатыры чалавекі, а ёсць ранейшыя пастаноўкі, якія наогул не будуць адноўлены... Некаторыя спектаклі сыдуць, таму што яны не карысталіся попытам у гледача, і маркетынгавая палітыка дазваляе казаць аб тым, што некаторыя рэчы і не будуць адноўлены. Мы спадзяёмся на рэжысёра і на тыя праекты, якія будуць і запланаваны сёлета.

    Тэатр выхоўвае патрыётаў

    — Як удзельнік Усебеларускага народнага сходу, вы, напэўна, абмяркоўвалі яго вынікі ў калектыве?..

    — ...І не толькі ў калектыве, як сенатар, сустракаюся і з іншымі калектывамі. Не так даўно быў у 37-й сярэдняй школе, гутарыў з моладдзю і магу сказаць, што з ёю трэба размаўляць на іх мове, якая дазваляе зацікавіць. Гэта трэба ўсведамляць, бо моладзь спецыфічная, і ёю вельмі ўмела скарысталіся ў жніўні—верасні, таму зараз даводзіцца рабіць работу над памылкамі ўсім: і ўладзе, і іншым.

    Моладзь цікавіць многае, яны задаюць розныя пытанні, напрыклад пра АЭС, куды мы будзем вывозіць адходы? Маладыя людзі мысляць крытычна, не заўсёды знаходзяць адказы на свае пытанні, і задаюць іх. Самае галоўнае, што бачу я зараз, маладыя людзі па-іншаму мысляць, але няма радыкалізму, хамства ў размове, непрыняцця тэмы. На некаторыя меркаванні можна пачуць: а я з вамі не згодны. Але гэта натуральны працэс. У нас плюралізм думак, і самае галоўнае, што мы размаўляем з апанентамі. У Год народнага адзінства мы павінны гаварыць, імкнуцца пераканаць, пачуць і паўплываць на светапогляд. Як бы пафасна гэта ні гучала, але выхаванню патрыятызму трэба аддаваць больш увагі, і тут нам наканавана прайсці няблізкі шлях.

    — Я мяркую, што тэатр — гэта адзін з інструментаў выхавання гэтага патрыятызму...

    — У тым ліку. Наогул, выхаванне асобы, напэўна, калі казаць аб дзяржаўных інстытутах, знаходзіцца ў прасторы сістэмы адукацыі і культуры — гэта тыя два крылы, якія разам дазваляюць выхоўваць годнага чалавека. І натуральна, без сям'і — нікуды, яна займае цэнтральнае месца ў гэтым працэсе.

    Хто сябар і брат?

    — Зараз абмяркоўваецца дата свята народнага адзінства — на які дзень яе прымеркаваць? Для Гродна гэта, сапраўды, вельмі важная тэма. Якую б дату падтрымалі вы, як мясцовы жыхар і сенатар?

    — Я адназначна выступаю за 17 верасня. Калі паглядзець на лічбы, то ў 1939-м тэрыторыя БССР павялічылася практычна ў два разы. Насельніцтва вырасла да 10 мільёнаў — у два разы! Нават аднаўленне Старога моста ў Гродне ў 1949-м было прысвечана дзесяцігоддзю ўз'яднання беларускага народа. Таму з невялікага кавалка зямлі мы ператварыліся ў перспектыве ў дзяржаву, якая рэалізавала сябе за апошнія 26 гадоў як незалежная і суверэнная.

    Прыгадайце 1920-я гады, калі гэтыя землі былі ў складзе польскай дзяржавы, многія публіцысты таго часу казалі (напрыклад, Адольф Няўчынскі на старонках газеты «Слова»), што беларускае пытанне трэба вырашаць на мове шыбеніц і толькі шыбеніц. Аб выніках таго жыцця можна казаць шмат, у тым ліку ў чорных фарбах, якія былі... Нават мая прабабка расказвала, што ў краму нельга было ўвайсці, пакуль польскі пан не будзе абслужаны. Такія факты вядомыя з майго блізкага атачэння. Таму не трэба баяцца. Як прыклад, абуральныя паводзіны польскіх дыпламатаў у Брэсце з нагоды ўшанавання памяці «праклятых салдат» і рэакцыя на гэта нашага Міністэрства замежных спраў. Можа, раней мы імкнуліся не будзіць ліха, і разважалі, як на нас паглядзіць польская эліта. Але факт застаецца фактам: у 2020-м мы зразумелі, хто ў нас сябар і брат, і колькі іх. І яны, скажам так, у асноўным на Усходзе. Таму не трэба баяцца, трэба гэтыя рашэнні прыводзіць у заканадаўчае рэчышча. Сапраўды, у Год народнага адзінства з'явіцца рашэнне аб агульным свяце, якое будзе замацавана не толькі дзеяннямі, але і дзяржаўнай датай, якая будзе аб'ядноўваць нас, беларусаў.

    Читайте по теме:


    Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий!

    Комментарии: 37

  • В основном мужчина занимался лестницами, но брался и за любые другие работы, связанные с деревом. По большей части свои ремесленные навыки Сергей развил в местах лишения свободы.

    По динамике количества вакансий первый квартал был достаточно неоднородным: если в январе их количество снизилось, что характерно для этого времени года, то в феврале и марте — росло.

    У Гародні ў 15-17 ст., як вынікае з даследавання гісторыка Ю. Гардзеева, меліся тры брамы, якія знаходзіліся пры ўездзе ў горад.

    Пожалуй, одна из самых часто встречающихся жалоб касается дополнительных услуг. Возможность перекусить на АЗС, безусловно, выручает, но есть у нее и обратная сторона.

    Александр Лукашенко заявил, что намерен принять одно из принципиальных решений за четверть века президентства. Видеофрагмент заявления опубликовал телеграм-канал «Пул Первого».

    Бум вызвало получение учеными из Гродно молока А2, которое лучше усваивается организмом. Умное молоко производится с помощью раздельных сбора, перевозки и переработки молока только от коров с генотипом...

    За первые три месяца 2021 года на международную защиту в Польше подалось 720 иностранцев. Среди них — 265 граждан Беларуси, 193 человека из России и 61 — из Афганистана.

    Все новости