• Канiкулы Банiфацыя: чатыры тысячы кіламетраў і незвычайнае падарожжа па Беларусі

    Кожны год сям’я гродзенскага фатографа і гісторыка Сяргея Марозава адпраўляецца ў падарожжа. Аднойчы яны наведалі Алтай і Грузію, а ў мінулым годзе адкрылі замежную Беларусь, калі бачылі вёскі з цікавымі назвамі накшлалт Марса, Малі ці Беніна. Гэтае лета не стала выключэннем: гродзенцы праехалі чатыры тысячы кіламетраў па Беларусі. Пра буслоў, незывычайныя мястэчкі і свае прыгоды Сяргей і Наталля распавялі «Вячорцы».

    Рыхтуе фота для кнігі

    — Адпачынак, калі ты як бульбяны калдун валяешся два тыдні на адным пляжы, нам не па душы, таму для свабоды перамяшчэння заўсёды едзем на сваёй машыне. У нас у сям’і з’явіўся выраз: менш за 4000 кіламетраў, лічы, нікуды і не ехалі, — пачынае Сяргей. — У мінулым годзе планавалі круг па Еўропе, але яна зачынілася, пераарыентаваліся на Украіну, але і яе межы закрыли з-за пандэміі. Так нарадзілася паездка «замежная Беларусь». Думалі, калі не атрымаецца паехаць па Еўропе ці Украіне, дык ірванём яшчэ адзін круг па Беларусі.

    Але гэта быў не проста адпачынак і паездкі па цікавым мясцінам. Сяргей сумесна з доктарам гiстарычных навук, прафесарам Святланай Валянцінаўнай Марозавай рыхтуе кнігу «Мастацкая спадчына Беларусі».

    — Кніга павінна быць добра ілюстраваная. Не хацелася браць здымкі іншых аўтараў, прасіць дазвол на выкарыстанне, таму вырашылі самастойна адздымаць ўсе неабходныя аб’екты, — кажа фатограф.

    Смаргонь

    Смаргонь

    Селiшча

    Тураў

    Сноў

    Дарогі, дзеці і сцягі

    — За год Беларусь не змянілася. Аграгарадкі блішчаць штучнай прылізанасцю, звычайныя вёскі выглядаюць сумна і выміраюць: разбураныя дамы культуры, забітыя вокны ў школах і крамах. Дзяцей часам шмат, але дарослых не відаць. Значыць, прывезлі на лета бабулям-дзядулям, — расказваюць падарожнікі. — Уражанні ад дарог згладжваюць «хайвэі» паміж буйнымі гарадамі. Як правіла, ледзь з іх з’язджаеш і разумееш, што па вяртанні падвеску чакае пераборка. Адзінае змяненне, якое немагчыма было не заўважыць —  сцягі, усюды, дзе толькі можна было іх павесіць.

    Марозавым даўно вядома, што віцебскі край — гэта буслы, азёры і пагоркі. Магілёў і Гомель — савецкія новабуды, Палессе — балоты, свая гаворка і вялікія камары. І, нарэшце, Брэст і Гродна — еўрапеізаваная культура і найбольшая канцэнтрацыя старажытных помнікаў.

    Гальшаны

    Гомель

    Горкi

    Бусел-бусел, клекатун

    Падчас падарожжа Сяргей здымаў буслоў у палёце. Атрымалася шыкоўнае відэа:

     

    — Тут павінна добра пашанцаваць. Першы раз шмат буслоў убачылі непасрэдна каля АЭС. На двух палях абапал дарогі было проста бела ад іх, там сотні буслоў! Але там забароненая для палётаў зона. Далей вялікія зграі буслоў сустракалі чатыры разы, і ўсе ў Віцебскай вобласці. Спыняўся, здымаў, бо разумеў, што гэта, магчыма, апошні шанец. Дарэчы, ва ўсёй астатняй Беларусі максімум у адным месцы бачылі да дзясятка буслоў. А там ад 30 да 100 птушак. Раней бывала, што буслы маглі здзейсніць напад на дрон, але на гэты раз ім тэхніка была нецікавай.

    Магічнае слова «генштаб»

    Сяргей заранёў рыхтаваўся да вандроўкі, таму на значныя аб’екты браў дазвол генштаба на здымкі. У Мінску некаторыя рэчы ён узгадняў са Службай Бяспекі.

    — Было некалькі выпадкаў, калі міліцыя спрабавала перашкодзіць здымкам, але слова «генштаб» дзейнічала магічна, — усміхаецца Сяргей. — У Полацку атрымаўся канфуз, бо здымаў манумент на цэнтральнай плошчы ля мясцовага выканкама, падашла спадарыня міліцыянтка і настойвала, што я не маю права здымаць, трэба акрэдытацыя мясцовых органаў улады. Сказала, что калі не пасаджу дрон, будзем разбірацца ў апорным пункце. Я пакінуў паперы з дазволам у машыне, ды й паспеў зрабіць кадр, таму вырашыў не губляць час.

    А у адной вёсачцы на Палессі да гродзенцаў прычапіўся мясцовы п’янюга, маўляў, што яму павінны за тое, што здымаем царкву. Цяжка было зразумець чалавека, які ледзь мянцеў языком, таму давялося даць трохі капеек.

    — Яшчэ адчулі розніцу паміж каталіцкай і праваслаўнай царквой. У першых дазвол на здымкі можна было атрымаць на месцы. А у царкве строгая субардынацыя, нават на дробязі, як дазволіць зрабіць здымак роспісаў, — расказвае Сяргей. — Часам трэба было выходзіць ледзь не на мітрапаліта або канцэлярыю епіскапа, каб атрымаць дазвол на здымкі. Праўда, трэба сказаць, калі ішоў за дазволам не «знізу ўверх», а адразу наверх, дык на месцы верылі на слова і не правяралі, ці сапраўды ты маеш дазвол ад вышэйшага саноўніка.

    А ў Свята-Еўфрасінеўскім манастыры ігумення адразу дазволіла здымкі і шчыра спрабавала вырашыць пытанне са здымкамі ў Спаса-Прэабражэнскай царкве, хоць была нядзеля, а храм на рэстаўрацыі.

    Барысаў

    Чаго не хапае беларускім мястэчкам

    У краіне расце ўнутраны турызм, але шмат дзе гарады і мястэчкі не гатовыя да турыстаў.

    — Няма сэрвісу, інфармацыі, банальны магніцік атрымалася набыць у 28 месцах з 60, дзе мы былі. І ладна дробныя вёсачкі, дзе ўвесь здабытак — храм 19 стагоддзя, але калі ў якім Заслаўі, Кобрыне, Мсціслаўі, Глыбокім, Тураве або Рэчыцы трэба абысці палову шапікаў, якія ёсць у гэтым горадзе, каб знайсці сувенір… Людзі кажуць, што раней завозілі, а зараз – не, альбо мястэчка занадта малое, каб рабіць магніты ці такога ніколі не было.

    Вельмі паказальным момантам для Марозавых стала жыллё. Справа ў тым, што местачковыя гатэлі даражэй за прыватныя кватэры, а іх ўзровень — інтэрнат з касметычным рамонтам. Таму начавалі ў кватэрах і здзіўлялі гаспадароў што не «камандзіровачныя», а сям’я турыстаў. Да таго ж мясцовыя не ведаюць, што можна паглядзець у іх горадзе.

    Чаму так? Па меркакваннi Сяргея дзяржава павінна займацца рэкламай значных месцаў.

    — На мой погляд, найчасцей пачынаецца і заканчваецца тым, што павесяць шыльду. Але калі пачынаюць укладваць грошы і сілы (заўважу — не свае, з падаткаў, радзей – з еўрапейскіх грантаў), дык, як звычайна, хочуць кантраляваць усё. Таму і прыватнікаў найчасцей няма: або месца нікому невядома і непатрэбна (а асобна дробным і сярэднім прыватнікам складана самастойна прывабліваць турыстаў у горад ці на аб’ект) і адпаведна там прыватніку няма чаго рабіць, або месца добра ўладкавана дзяржавай і прыватнікам ставяць такія ўмовы, або аддаюць такія сферы, якія проста фізічна не могуць ахапіць самі або яны не надта прыбытковыя.

    Пiнск

    Ракаў

    Мсцiслаўль

    Па шматлікіх назіраннях у розных кутках краіны у падарожнiкаў, складаецца менавіта такое ўражанне.

    — Менавіта прыватнікі найлепш змогуць абслужыць турыста, прапанаваць яму тое, што хоча, прыстасавацца да зменаў рынка, попыта, моды.

    Што смачна беларусу?

    — Заўсёды і ўсюль беларусу будуць смачныя дзеруны або калдуны, мачанка з наліснікамі, бабка са свінінай у гаршчочку. Праўда, гэта больш страва хатняя або рэстарацыйная. А ў дарозе хутчэй будуць катлеты з кашай у завадской сталоўцы з водарам і смакам дзіцячага садка, шаўрма ў фургончыку пры дарозе, універсальныя нагетсы ды бульба-фры, што ў кавярні ў Лепелі, што ў сетках фастфуда.

    Топ лепшых гарадоў

    Мы папрасілі Марозавых скласці свой рэйтынг самых-самых. Самыя добрыя ўражанні ў іх пакінула гістарычная частка Віцебска, якая вельмі падобная на Гродна. Спадабаўся пешы цэнтр Брэста са скульптурамі і помнікамі. Далей Пінск, Орша і Ліда з духам гісторыі.

    Анты-топ: Магілёў, Мінск, Мар’іна Горка. Чаму? Да кожнага ў вандроўнікаў свае прычыны.

    Трэба ў розных краях пабываць

    — Цікавосткі ёсць у кожнай вобласці, многіх асобных мястэчках. Але калі паглядзець шчыльнасць аб’ектаў, улічваючы іх гістарычна-мастацка-культурную значнасць, дык у першую чаргу варта аб’ехаць Гродзенскую вобласць, — упэўненыя нашыя суразмоўцы. — Ва Ўсходняй Беларусі таксама ёсць значныя месцы,  але яны хутчэй кропкавыя, няма такога, што праехаў 15-30 км і ўбачыў цікавы аб’ект.

    Косава

    Гродзенцы ўпэўненыя, што беларусы павінны лепш ведаць свой край:

    — Многія былі ў Турцыі, В’етнаме, Егіпце ды Італіі, але не былі ў Полацку, Гервятах, Гродна ды Нясвіжы. Тым больш, такая нагода: зачыненыя межы! Гэта танней, чым вандроўкі за мяжу. Праўда, не таму, што ў нас танней ежа ці сервіс, а таму, што няма асабліва куды траціць грошы па дарозе.

    Лічбы «ВГ»

    Для сям’і Марозавых гэта ўжо другое кола па Беларусі. У суме яны праехалі каля 7500 км, і гэта ў краіне, якая ў шырыню-даўжыню прыкладна 500 на 600 км.

    Леанопаль

    Лясная

    Косава

    Кемелiшкi

    Кажан-Гарадок

    Будслаў

    Гальшаны

    Глыбокае

    Смаргонь