Імя Санці Гучы цяпер ведае ці не кожны жыхар Гродна, які больш-менш цікавіцца гісторыяй і сочыць за рэканструкцыяй Старога замка. Былая каралеўская рэзідэнцыя ўжо некалькі апошніх гадоў штучна падганяецца пад архітэктурную канцэпцыю згаданага італьянскага архітэктара эпохі Адраджэння. Замест стараннага вывучэння тысячагадовага помніка архітэктуры і археалогіі – Старога замка – на высокім узроўні было прынята рашэнне аб рэалізацыі праекта “адбудовы” помніка. За аснову быў узяты праект сталічнага архітэктара У.Бачкова. Апошні, ствараючы свой праект, натхняўся творчасцю легендарнага Санці Гучы. Але ці быў Гучы архітэктарам Старога замка ў Гродне? Хто яшчэ са старажытных творцаў прэтэндуе на ролю архітэктара рэзідэнцыі для Стэфана Баторыя? Такiмi пытаннямi задаецца блогер supron_licvin.

У якасці магчымага архітэктара каралеўскай рэзідэнцыі ў гістарычнай літаратуры доўгі час разглядаўся італьянец Скота з Пармы. Упершыню аб ім як аб архітэктары каралеўскага замка ў Гродне згадаў у кнізе аб мастацтве даўняй Польшчы гісторык мастацтва Ф.Сабешчаньскі. Кніга выйшла ў 1847 г. На жаль, даследчык у сваёй працы не прыводзіць ніякіх доказаў на карысць свайго сцверджання.

Пазней, у міжваенны час, гісторыкі даведаліся, што нейкі італьянец Скота ў 1583 г. быў пасланы ў Гродна. Яшчэ вядома, што летам 1586 г. нямецкі падарожнік Самуэль Кіхэль, які наведаў Гродна, апісаў у сваім дзённіку, што бачыў Стэфана Баторыя ў атачэнні “мастака” (“der künstler”) “Scotus Parmensis”. Гісторык М. Волкаў лічыць, што нібыта імя Scotus у дадзеным выпадку было выкарыстана ў якасці этноніма (“шатландзец”), паколькі ўжыта з артыклем“der”. Больш за тое, у дакументах к. 16 ст. “італьянец Скота” названы наўпрост каралеўскім астролагам (“Scoto Italo artis magicae perito”). На гэты факт звяртае ўвагу Я.Вайцяхоўскі ў сваёй працы “Stary zamek w Grodne”, якая выйшла ў 1938 г. Нягледзячы на гэта, на працягу доўгага часу ў навуковай літаратуры Скота з Пармы прызнаваўся ў якасці галоўнага архітэктара Старога замка. Тэарэтычна, канешне, можна дапусціць, што чалавек эпохі Адраджэння мог адначасова быць мастаком, астролагам і архітэктарам, аднак, трэба прызнаць, дакументальнага пацвярджэння таго, што італьянец Скота спраектаваў каралеўскую рэзідэнцыю для Баторыя пакуль няма.


Фграгмент сграфіта з галавой льва, якое было адшукана ў міжваенны час на фасадзе Старога замка

Антоні дэ Кгрып. “Будаўнічы замка гродзенскага”

У гістарычнай літаратуры часта можна сустрэць інфармацыю, што Стары замак спраектаваў італьянец Антоні дэ Кгрып. Так гэта ці не – мы не можам сцвярджаць. На сённяшні дзень дакладна вядома толькі тое, што дэ Кгрып удзельнічаў у будаўніцтве гэтага аб’екта. У крыніцах ён узгадваецца як “муляр” і “будаўнічы замка гродзенскага” (“aedificator arcis Grodnensis”). Гісторык М.Волкаў заўважае, што гэты італьянец з’яўляўся толькі тэхнічным выканаўцам. Ён стварыў і кіраваў будаўнічай арцеллю, а таксама забяспечваў будаўніцтва неабходнымі матэрыяламі. На апошняе ўказвае прывілей Стэфана Баторыя 1586 г.

Санці Гучы. Прыдворны архітэктар Ганны Ягелонкі

Для каманды архітэктараў, якая ў нашыя дні, на чале з навуковым кіраўніком Уладзімірам Бачковым, займаецца распрацоўкай праекта рэканструкцыі Старога замка, як і для дырэктара гродзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Юрыя Кітуркі, на балансе якога знаходзіцца Стары замак, Санці Гучы з’яўляецца знакавай постаццю. Менавіта Санці Гучы, як сцвярджаюць У.Бачкоў і Ю.Кітурка, спраектаваў і пабудаваў для караля Стэфана Баторыя рэзідэнцыю на месцы замка Вітаўта ў 1580-1586 гг.

Санці Гучы быў прыдворным мастаком і архітэктарам караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Ён прыехаў у Рэч Паспалітую з Фларэнцыі ў 1550-х гг. і спецыялізаваўся на праектаванні магнацкіх палацаў і інтэр’ераў пахавальных капліц. Пасля смерці манарха італьянец робіць у асноўным замовы для каралевы Ганны Ягелонкі, роднай сястры пакойнага Жыгімонта. Найбольш вядомым творам Гучы з’яўляецца капліца, дзе быў пахаваны Стэфан Баторый на вавэльскай катэдры ў Кракаве.


Стары замак штучна падганяецца пад архітэктурную канцэпцыю Санці Гучы і губляе самае галоўнае – сваю аўтэнтыку.

Упершыню аўтарства перабудовы Старога замка Санці Гучы было прыпісана польскім мастацтвазнаўцам А.Фішынгерам у кнізе, якая выйшла ў 1969 г. Прычым даследчык не меў абсалютна ніякіх дакументальных доказаў гэтаму. Адзінай “зачэпкай” было толькі некаторае падабенства архітэктурных прыёмаў, якія былі выкарыстаны на Старым замку, і параўнанні іх з творчай спадчынай італьянца. Беларускія даследчыкі У.Бачкоў, Р.Баравы і А.Трусаў у артыкуле, які быў апублікаваны ў 1989 г., спаслаўшыся на працу А.Фішынгера, таксама прыпісалі Санці Гучы будаўніцтва каралеўскай рэзідэнцыі ў Гродне. Але гэта яшчэ не ўсё. У 1993 г. пабачыла свет калектыўная праца “Стары замак у Гродне XI–XVIII стст.: гісторыка-археалагічны нарыс” (аўтары А. Трусаў, В. Собаль,Н. Здановіч), дзе аўтары ўпэўнена сцвярджаюць, што “вынікі шматгадовых даследаванняў, аналіз пісьмовых крыніц, аналагаў і архітэктурна-археалагічнае вывучэнне Старога замка дазволілі выказаць абгрунтаваную гіпотэзу, што аўтар будаўніцтва – італьянскі дойлід Санці Гучы (ці Гуці) з Фларэнцыі”. Пры гэтым аўтары спасылаюцца на вышэй згаданы артыкул 1989 г. пры поўнай адсутнасці якіх-небудзь крыніц! Такім чынам, на дадзены час няма аніякіх крыніц, якія б пацвярджалі ўдзел Санці Гучы ў праектаванні і будаўніцтве гродзенскага замка.


Элемент дэкаратыўнага аздаблення, знойдзены на тэрыторыі Старога замка падчас археалагічнага вывучэння ў міжваенны перыяд

Больш таго, даследчыца творчасці Санці Гучы з Інстытута мастацтваў Польскай Акадэміі Навук Вольга Гайдук перакананая, што італьянец не мае ніякага дачынення да гродзенскага замка. Даследчыца заўважае, што Гучы ў 1580-я гг. і да самай смерці займаўся выключна разьбой па каменю і не выконваў замоваў на будаўніцтва, і тым больш праектаванне, палацаў і замкаў. Акрамя таго, Вольга Гайдук не выявіла ніводнага элемента аздаблення замка, з тых што былі знойдзены падчас раскопак, якія б можна было звязаць з творчай дзейнасцю Гучы.


Элементы дэкаратыўнага аздаблення, знойдзеныя на тэрыторыі Старога замка падчас археалагічнага вывучэння ў міжваенны перыяд 

Юзаф Ройтэн. Нямецкі след.

На дадзены момант адзіным кандыдатам, які прэтэндуе на ролю архітэктара каралеўскага замка ў Гродне і чый удзел у будаўніцтве і праектаванні гэтага аб’екта задакументаваны з’яўляецца Юзаф Ройтэн (Райсцін). У 1589 г. у лаўнічых кнігах г.Львова ён узгадваецца як “Яго Каралеўскай Вялікасці будаўнічы і архітэктар замка гродзенскага” (“Sacrae Regiae Maiestatis Murator et Architectus in Arce Grodnensis”). Вядома, што Ройтэн пэўны час жыў у Гродне і нават валодаў зямельным надзелам у Сухім сяле (цяпер гэта тэрыторыя раёна былой Гарадніцы). Мы даведаліся таксама, што Ройтэн прымаў удзел у будаўніцтве гродзенскага парафіяльнага касцёла, які Стэфан Баторый першапачаткова планаваў перадаць езуітам. У актах літоўскай метрыкі за 1592 г. ён так і згадваецца: “будаўнічы касцёла гродзенскага”. На жаль, мы больш не маем ніякай інфармацыі аб гэтым чалавеку. Польская даследчыца сакральнай архітэктуры Марыя Каламайска-Саед лічыць, што Ройтэн можа быць выхадцам з Аўстрыі, паколькі ў ваколіцах г. Лінц існуе мясцовасць Roiten.


Каралеўскі замак. Гравюра 1600 г.

Мы параўналі палац каралеўскага замка, які адлюстраваны на гравюры Макоўскага 1600 г., з прыкладамі нямецкай архітэктуры к. 16 – пач. 17 стст., пад уплывам якой мог тварыць Юзаф Ройтэн, і намі была заўважана вялікая колькасць вельмі падобных па стылістыцы аб’ектаў. Галоўным чынам, мы бралі за аснову нашага даследвання форму шчыта фасаднай часткі палаца.

Вельмі падобнага выгляду палац мы знайшлі ў Штутгарце. Neues Lusthaus будаваўся амаль у адзін час з гродзенскім замкам, з 1584 па 1593 гг., для герцага Людвіга і з’яўляўся выдатным помнікам нямецкага маньерызму:


Neues Lusthaus на гравюры 1616 г.

Вельмі падобная па стылістыцы былая рэзідэнцыя саксонскіх курфюрстаў і каралёў знаходзіцца ў Дрэздэне. Замак з’яўляецца адным з найстарэйшых будынкаў горада. Ён быў узведзены ў 13 ст., але быў капітальна перабудаваны ў 1548-1556 гг. у стылі маньерызма. Выразную мастацкую асаблівасць яму надаюць выступаючыя шчыты, якія вельмі нагадваюць шчыт гродзенскага замка. Акрамя таго, фасады замка ўпрыгожаны сграфіта, падобна як гэта было ў гродзенскім замку:


Каралеўская рэзідэнцыя ў Дрэздэне. Малюнак 1709 г.

Замак у Фрайбергу, як і вышэй згаданы, быў перароблены з сярэднявечнага ўмацавання. Яго перабудова ў стылі рэнесанс была завершана ў 1584 г.:

Контур фасаду ратушы ў Мальсайме амаль адзін ў адзін паўтарае гродзенскі аналаг. Ратуша была пабудавана ў 1583 г.:

Падобных прыкладаў, стылістычна блізкіх да палаца на Сарым замку ў Гродне, вельмі шмат. Але галоўнае тут тое, што маньерыстычныя будынкі падобнай стылістыкі сустракаюцца толькі на тэрыторыі кампактнага пражывання нямецкага насельніцтва. Гэта значыць, што палац Старога замка з’яўляецца прыкладам архітэктуры нямецкага маньерызму.


Прыклады тыповых нямецкіх маньерыстычных камяніц к. 16 — сяр. 17 стст.

Відаць, падчас будаўніцтва сваёй рэзідэнцыі ў Гродне Стэфан Баторый наўмысна захацеў пабудаваць сабе велічны палац, які б выдзяляўся сваімі абрысамі над усім замкавым комплексам. Для гэтага і быў запрошаны нямецкі архітэктар Юзаф (Ёзэф?) Ройтэн. Вядома, што сам Баторый быў выхаваны пад уплывам нямецкай культуры. Будучы манарх, які нарадзіўся ў Трансільваніі, доўгі час служыў пры двары Габсбургаў у асяроддзі немцаў. Адгэтуль, магчыма, у яго была такая цяга да нямецкай архітэктуры.

Паводле шэрагу мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў архітэктуры, у аснове гродзенскага Старога замка быў пакладзены двухтрактавы палац, што можа сведчыць аб тым, што яго праектаваннем займаліся італьянцы. Паводле даследчыка гродзенскага замка Ю.Вайцяхоўскага, замкавы комплекс у Гродне магло праектаваць некалькі архітэктараў. І гэтая думка, як мы мяркуем, цалкам слушная, асабліва, калі ўлічыць той факт, што ў канцэпцыі архітэктуры замка прасочваецца ўплыў нямецкай і італьянскай архітэктурных школаў (Ройтэн і дэ Кгрып).


Читайте также:

    Оставить комментарий


    Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий.


    Поиск


    Популярное за неделю



    Афиша Гродно

    Отдых в Гродно




    Отзывы о заведениях






    Все новости Беларуси

  1. Архив

    Май 2019
    ПнВтСрЧтПтСбВс
    « Апр  
     12345
    6789101112
    13141516171819
    20212223242526
    2728293031 

  2. Вчера: идет загрузка... посещения, идет загрузка... просмотров страниц. По независимым данным Яндекс.Метрики, без учета гостевого доступа провайдеров.