• Вынікі грамадскіх слуханняў па Каложы

    • 12
    • 27 сентября 2010, 12:04
    • Гродновидеоинтересно знатьреконструкцияпамятники архитектурыдискуссия

    UPD: + ліст міністру. 23 верасня ў Гродне адбыліся грамадскія слуханні, прысвечаныя планам гарадзенскіх уладаў па рэканструкцыі Каложскай царквы ХІІ-га ст. Удзел у грамадскім абмеркаванні бралі вядомыя навукоўцы з Гродна і іншых гарадоў, а таксама каля ста прадстаўнікоў грамадскасці горада. З боку мясцовых уладаў і праваслаўнай епархі не было анікога, перадае "Твой Стыль". У сувязі з гэтым агонь крытыкі на сябе давялося браць кіраўніку праекта па рэстаўрацыі храма Генадзю Лаўрэцкаму. Вашай увазе прапануецца вiдэа справаздача аб мерапрыемстве. Большасць прамоўцаў былі катэгарэчна супраць прапанаванага праекта. Вячаслаў Чарнатаў, дацэнт кафедры архітэктурнага факультэта БНТУ:

    - Чаму б Венеры Мілоскай рукі не прыставіць? Калі так хочацца нешта рэстаўраваць, то…? Сэрвісу ва ўнікальным аб’екце не хапае. У маім дзяцінстве маёлік было больш, а потым “Здесь был Вася”. Мне шкада, што так адбываецца.
    Ірэна Лаўроўская, доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, даследчыца гісторыі і архітэктуры Брэста:
    - Мы не маем маральнага права знішчаць тое, што нам не належыць. Захаванне Каложы – адзіная задача на сённяшні дзень. Да іншага – мы не гатовы ні тэхнічна, не тэхналагічна, ні фінансава.
    Алесь Краўцэвіч, гарадзенскі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук:
    - Кансервацыі – так! Рэканструкцыі – не!
    Вадзім Гліннік, навуковы кіраўнік аб’екта "Гістарычны цэнтр г. Полацка", сябра рабочай групы па падрыхтоўцы дасье для ўключэння культурных каштоўнасцей г. Полацка ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны:
    - Рэстаўрацыю трэба спыніць там, дзе пачынаюцца гіпотэзы.
    - Бог усё прабачыць. Весці дыялог трэба - падсумаваў дыскусію Генадзь Лаўрэцкі.
    [youtube]ogVqXOsudq4[/youtube] [youtube]jipUC6riJjg[/youtube] Гатоўнасць весці дыялог выказалі і арганізатары слуханняў. Без удзелу мясцовых уладаў, прадстаўнікоў Міністэрства культуры і праваслаўнай епархіі, аднак, спадзявацца на станоўчыя вынікі гэтага дыялогу складана. Арганізатары гарадзенскіх грамадскіх слуханняў "Рэканструкцыя Каложы: за і супраць" звярнуліся па выніках слуханняў з лістом да міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі з просьбай перагледзець, а фактычна, спыніць планы па рэканструкцыі царквы ХІІ стагоддзя.
    Міністру культуры Рэспублікі Беларусь сп. Паўлу Латушку Начальніку ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры сп. Ігару Чарняўскаму 23 верасня 2010 г. у Гродне адбыліся Першыя адкрытыя грамадскія слуханні па праблеме “Рэканструкцыя Барысаглебскай (Каложскай) царквы: за ці супраць?” Усяго прысутнічала каля 100 чалавек, у тым ліку настаўнікі і вучні школаў гораду, вернікі Барысаглебскага прыходу, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных установаў, прадстаўнікі бізнесу, работнікі некаторых прадпрыемстваў (спіс удзельнікаў дадаецца). Арганізатарам слуханняў выступіла Гродзенскае гарадское аддзяленне РГА “Таварыства беларускай школы”. У якасці экспертаў у грамадскіх слуханнях узялі ўдзел навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі кандыдат архітэктуры Генадзь Лаўрэцкі, кандыдат архітэктуры дацэнт Вячаслаў Чарнатаў, архітэктар-рэстаўратар, навуковы кіраўнік праекта “Гістарычны цэнтр Полацка” Вадзім Гліннік, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская, доктар гістарычных навук, археолаг Аляксандр Краўцэвіч, гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. Дэкан факультэта архітэктуры БНТУ прафесар Армэн Сардараў не здолеў прысутнічаць, але выклаў сваю пазіцыю пісьмова. На пачатку слуханняў сп. Г.Лаўрэцкі прадставіў праект рэканструкцыі Барысаглебскай царквы. Падчас абмеркавання праекту экспертамі былі выказаныя сур’ёзныя сумневы ў мэтазгоднасці яго рэалізацыі. Асаблівая ўвага звярталася на: 1. Адсутнасць дакладнай інфармацыі пра аўтэнтычны выгляд царквы ў ХІІ ст., у выніку чаго многія элементы меркаванай рэканструкцыі (купал, закамары на паўднёвай сцяне ды інш.) народжаныя пераважна фантазіяй аўтара праекта. Выкарыстанне метада аналогіі перакрэслівае самабытнасць і унікальнасць Гарадзенскай архітэктурнай школы. 2. Недапусцімасць выкарыстання пры рэканструкцыі сучасных будаўнічых матэрыялаў (газасілікатныя блокі, гіпсакартон ды інш.). Усё гэта пагражае старажытнай аўтэнтычнасці і можа знішчыць тое, што іншым разам называюць “духам” помніка. (Пра гэта таксама пісаў прафесар А.Сардараў) 3. Адсутнасць даследаванняў тэхнічнага стану сцяны і двух слупоў ХІІ ст. Пасля рэалізацыі прадстаўленага праекту рэканструкцыі нагрузка на сцяну ў разы павялічыцца, слупы ж стануць нясучым элементам даху, што можа выклікаць іх разбурэнне. 4. Адсутнасць належнай інфармацыі пра геалагічны стан каложскага плато, асабліва з боку р. Нёман. Без такой інфармацыі ніхто не можа гарантаваць, што падчас правядзення будаўнічых працаў не паўторыцца трагедыя 1853 г., калі ў выніку апоўзня царква была напалову разбураная. 5. Адсутнасць у Беларусі падрадчыка, які здолеў бы выканаць працы па рэканструкцыі на адпаведным высокім узроўні. (Прыводзіліся прыклады рэканструкцыі Нясвіжскага і Лідскага замкаў, падчас якіх помнікам архітэктуры і культуры была нанесена непапраўная шкода. Прыгадваўся таксама лёс Дабравешчанскай царквы ў Віцебску (праект Г.Лаўрэцкага), якая ў выніку праведзенай “рэканструкцыі” страчвае рэшткі сваёй аўтэнтычнасці). Большасць удзельнікаў грамадскіх слуханняў выказала апасенне, што рэалізацыя прадстаўленага праекта можа прывесці да поўнага разбурэння унікальнага помніка. Многія прысутныя гродзенцы і большасць экспертаў зышліся на думцы, што першачарговай задачай з’яўляецца не рэканструкцыя, а кансервацыя царквы. Вынікі Грамадскіх слуханняў, прадстаўленыя пазіцыі экспертаў дазваляюць звярнуцца да Вас з просьбай яшчэ раз разглядзець праект рэканструкцыі Каложскай царквы на паседжанні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Спадзяемся на вашае разуменне важнасці праблемы рэканструкцыі (рэстаўрацыі) Каложскай царквы і паважнае стаўленне да вынікаў Першых адкрытых грамадскіх слуханняў у Гродне. Праблема захавання Каложы з’яўляецца агульнанацыянальнай. Прадстаўлены праект павінен прайсці грунтоўную экспертызу (магчыма, з удзелам замежных спецыялістаў і супрацоўнікаў ЮНЭСКА) і рэалізоўвацца пад жорсткім кантролем адпаведных органаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Ад імя арганізатараў, экспертаў і ўдзельнікаў Грамадскіх слуханняў Старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення РГА “Таварыства беларускай школы” Таццяна Канопкіна Доктар гістарычных навук, Дырэктар Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ), Рэдактар навуковага гадавіка “Homo Historicus” Аляксандр Смалянчук Доктар гістарычных навук, Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, Рэдактар навуковага часопіса “Гістарычны альманах” Аляксандр Краўцэвіч Гісторык, краязнаўца, навуковы супрацоўнік УК ГДГАМ Андрэй Вашкевіч 2010-09-27

    Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий!

    Комментарии: 2

  • Самое популярноеСамое обсуждаемое
  • За неделюЗа месяц