Беларусь і Магдэбургскае права: Гарадзеншчына

Магдэбургскае (майдэборскае, саксонскае, нямецкае, тэўтонскае) права – адна з найболей вядомых сістэм феадальнага гарадскога права – склалася ў XII-XIII стст. у нямецкім горадзе Магдэбургу (цэнтры архіепіскапства) на падставе розных юрыдычных крыніц: прывілеяў, выдадзеных галавой архіепіскапства гарадскому патрыяту (1188 г.), «Саксонскага зерцала», пастаноў гарадскога суда і інш. Яно трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда з яго кампетэнцыяй і парадкам судаводства, пытанні зямельнай уласнасці ў гарадскіх межах, парушэнні ўладання, захопу нерухомасці; устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў, у тым ліку і маральныя правіннасці і г. д.

Картинки по запросу

Пад патранатам гэтага права знаходзіліся гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права юрыдычна замацавала поспехі гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць – правы і свабоды на самакіраванне, уласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі былых павіннасцей.

Паводле магдэбургскага права, перасяленне чалавека ў горад з сельскай мясцовасці рабіла яго вольным ад прыгнёту, вызваляла ад шматлікіх феадальных абавязкаў. Чалавек гэты ў пэўным сэнсе, праўда, у значна аблегчаным варыянце, нагадваў калгасніка, якому ўдалося ўцячы ў горад са сталінскага калгаса. Але і сталінскі горад быў таксама апірышчам феадалізму, а то і рабства.

Магдэбургскае права атрымала шырокае распаўсюджанне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а менавіта яно было перанята большасцю гарадоў Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, ВКЛ (Вялікага княства Літоўскага). Сама ж Магдэбургская зямля  знаходзілася ў паўднёвай частцы Сярэднееўрапейскай раўніны і часткова ў гарах Гарц; а цэнтр гэтай зямлі – Магдэбург (упершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах у 805 г.) змяшчаўся на беразе Эльбы.

Граматы на магдэбургскае права, што датычна ВКЛ, давалі вялікія князі; прыватнаўласніцкім гарадам – уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве – зноў жа вялікія князі ВКЛ. Як правіла, пры наданні таму ці іншаму гораду княства магдэбургскага права браліся пад увагу і мясцовае звычаёвае права, а пазней – пэўныя палажэнні артыкулаў Статутаў ВКЛ. І яшчэ. Пры ўвядзенні магдэбургскага права ў прыватнаўласніцкіх гарадах магнат і гараджане бралі для сябе за ўзор буйны горад княства. Так, для Нясвіжа (1586 г.) па прывілеі Стэфана Баторыя ўзорам былі Вільня і Гродна. Да таго ж граматы тыя адпаведна давалі гарадам і ўласныя гербы.

Неад’емным атрыбутам – сімвалам гарадскога самакіравання, знакам самастойнасці і палітычнай вольнасці горада з’яўлялася ратуша, якая звычайна будавалася на галоўнай (рыначнай) плошчы ці на набярэжнай, калі горад меў яшчэ і функцыі порта. У ратушы змяшчаліся канцылярыя самакіравання, гарадская казна, архіў з кнігамі адміністрацыйных прадпісанняў рады і яе судовых рашэнняў, граматы з прывілеямі, выдадзенымі гораду. Тут праводзіліся і пасяджэнні судоў. Ратушны суд быў у Полацку, Магілёве, Слуцку, Пінску, Мінску, Кобрыне і іншых гарадах.

Часам ратушы будавалі з крамамі, аўстэрыямі (корчмамі), гасцінымі дварамі. Падвалы і першыя паверхі ратушных будынкаў адводзілі пад хлебныя крамы, склады тавараў прыезджых купцоў і інш., а часам да іх прыбудоўвалі арсенал (Магілёў, які знаходзіўся бліжэй да мяжы з Масковіяй). Найбольш вядомымі былі ратушы Віцебская, Слонімская, Чачэрская, Шклоўская, Магілёўская, Нясвіжская.

У ліку першых у ВКЛ магдэбургскае права атрымала яго сталіца – Вільня (1387 г.). Адносна ж гарадоў і мястэчак Беларусі ў сённяшнім геаграфічным «раскладзе» магдэбургскае права мелі амаль 60 з іх. Першым атрымаў яго Брэст (1390 г.); потым, праўда, няпоўнае – Гродна (1391 г.), поўнае – у 1494 г.

Другім беларускім горадам, які атрымаў поўнага «магдэбурга», быў Слуцк (1441 г.); далей ішлі: Высокае (1494 г.), Полацк (1498 г.), Мінск (1499 г.) і г. д., паступова, пакуль не пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг. ), у якую на той час уваходзілі землі Беларусі і якія таксама былі паняволены Масковіяй. За год (1792) да другога падзелу паспелі атрымаць магдэбургскае права Ашмяны, Воўна, Вугор, Геранёны, Пераброддзе, Прывалка, Цырын і Шарашова. Тым самым іх жыхары яшчэ больш былі зараджаны на будучае супраціўленне новым акупацыйным уладам.

Магдэбургскае права далей мяжы паміж ВКЛ і Масковіяй распаўсюджання не мела: там яно было непажаданым, там проста не было ўмоў для яго існавання. Там была ўжо дзікая Азія – татара-мангольшчына з паняволенымі народамі Паволжжа, Урала, Сібіры, Поўначы і Далёкага Усходу. Да канца XVIII ст. за лінію мяжы паміж Еўропай і Азіяй прымаліся ўсе больш усходнія рубяжы Днястра, Дняпра і Дона. У другой палове гэтага ж стагоддзя навуковец немец Пётр Сіман Палас (1741–1811 гг.), здзяйсняючы мару, выконваючы запавет і працягваючы намаганні Пятра I, вядома, не без ганарараў, прапанаваў праводзіць мяжу паміж Еўропай і Азіяй спачатку па Волзе, а потым – як яна лічыцца цяпер (па Уралу – гарах, рацэ і г. д.).

Еўропа, зноў жа – за пэўныя ўзнагароды, гэту прапанову немца прыняла. І сёння маем тое, што маем. Дарэчы, П.С. Палас у 1767 г. у 26-гадовым узросце быў абраны членам Пецярбургскай акадэміі навук і пераехаў у Расію. Там ён меў шмат прывілей і прэферэнцый.

Магдэбургскае права на Беларусі было скасавана паводле ўказаў расійскай імператрыцы Кацярыны II у Магілёўскай губерні ў лістападзе 1775 г., у Мінскай – у маі 1795 г., у Заходняй Беларусі – у снежні 1795 г. Як бачым, непажаданае для Расіі права на гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі распаўсюджвалася сістэмна, метадычна-паступова з захаду на ўсход, а потым – адпаведна па-варварску, метадычна-гвалтоўна вынішчалася з усходу на захад.

Вядома, які лёс напаткаў гарадскія гербы і ратушныя збудаванні: гербы мянялі-падганялі «пад расійскі абцас», ратушы пераважна перабудоўвалі, перапрыстасоўваючы пад што-небудзь, часам амаль руйнавалі (бывалі выключэнні), як цэнтральныя часткі Брэста ці Бабруйска, каб не нагадвалі аб еўрапейскай мінуўшчыне, і ўзводзілі на іх месцы крэпасці, вязніцы і турмы, з дапамогай якіх душыліся паўстанні паняволенага краю.

Жыхароў мястэчак, магдэбурскае права якіх было скасавана, новыя ўлады імкнуліся перавесці ў стан прыгонных сялян. Апошнім часам робяцца спробы правалы памяці залатаць навадзеламі (адбудова знішчаных калісьці ратуш у Магілёве, Мінску і інш.).

Як і ўсякае іншае паселішча, горад, мястэчка, надзеленыя магдэбургскім правам, апроч гэтага, мелі яшчэ і розныя іншыя непаўторныя «адмеціны» і асаблівасці, пра якія кожнаму турысту і вандроўніку, безумоўна, цікава пачуць, а то і пабачыць, калі там яшчэ штось захавалася. Канечне, варта пачаць з Магдэбурга – бацькі гарадоў магдэбургскіх. Трэба заўважыць, што горад гэты двойчы (пад час 30-гадовай вайны 1618 – 1648 гг. і ў 1945 г.) амаль поўнасцю разбураўся. Сёння ён – адзін з квітнеючых нямецкіх гарадоў.

Хто з нас яшчэ са школьных гадоў не чуў пра магдэбургскія паўшар’і? Гэта дзве шчыльна прыціснутыя адна да другой металічныя паўсферы, якія цяжка раз’яднаць, калі з прасторы паміж імі адпампаваць паветра. Паўшар’і гэтыя зроблены ў Магдэбургу (адсюль і назва) у 1654 г. фізікам і бургамістрам горада Ота Герыке, які пры іх дапамозе прадэманстраваў наяўнасць атмасфернага ціску. Ён жа ўпершыню (1660 г.) пабудаваў вадзяны барометр і скарыстаў яго для прадказання надвор’я. (Нам бы такіх мэраў – вынаходнікаў-некарупцыянераў!).

А чым жа адметны нашы былыя беларускія «магдэбургцы»? Што тут сёння можа прыцягнуць нашу ўвагу? Вядома, варта ў першую чаргу не абмінуць увагай тыя гарады і мястэчкі, якія абышлі турыстычныя маршруты, аб якіх мала ці недастаткова ўзгадваюць не только ў глянцавых выданнях, але, як кажуць, і ў простым папяровым друку, а таксама ў радыё- і тэлеэфірах.

Да іх пакуль, вядома, не дайшла яшчэ, хай не на вялікую даўжыню, чарга. А там, несумненна, ёсць інфармацыя аб не зусім звычайных аб’ектах, неардынарных асобах, знакавых падзеях і г. д., – можа, не такой значнасці, як магдэбургскія феномены, але… Але неабходна ўзгадаць пра нешырока вядомае ў шырока вядомым. Гэта значыць, што аб такіх гарадах, як Брэст, Гродна, Полацк, Мінск, Магілёў, Віцебск і некаторых іншых, спасылаючыся на наяўнасць аб іх багатай інфармацыйнай прасторы, тут будзе сказана амаль толькі згадваннем пра першае аб іх упамінанне і пра дату надання ім магдэбургскага права.

 

Картинки по запросу герб гродно

Гродна. Горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1127 г. У 1391 г. горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1494 г. – поўнае, у 1496-м – дапоўненае спецыяльным прывілеем). Пра багатае гістарычнае, гаспадарчае, культурнае, літаратурнае, мастацкае, тэатральнае і інш. жыццё шляхетнай Гародні нам распавядуць працы В.І. Кудрашова, Ю.А. Пашкіна, А.М. Пяткевіча, А.П. Госцева, В.В. Шведа, М.І. Ліса, Т.А. Меляшкевіча, Л.Дз. Налівайка, Дз.У. Стэльмаха і інш. А мы, удзячныя ім, – у дарогу!

 

Обычный герб Волковыска

Ваўкавыск. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Росi. Упершыню як летапісны Волковыеск упамінаецца пад 1252 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1503 г. Сярод іншых сведчанняў ёсць і такое, што ў назве горада ляжыць імя служылых людзей вялікага князя, якія пад час палявання павінны былі выць па-воўчы і гэтым прынаджваць ваўкоў. Нельга не ўзгадаць пра Ваўкавыскае княства (XIII–XIV стст.) і Ваўкавыскае рукапіснае евангелле (XVI ст.). Ваўкавышчына (маёнтак Жлобаўцы) – радзіма выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910–1983). У 1928 г. яна скончыла Ваўкавыскую жаночую гімназію.

 

Герб города Новогрудок

Навагрудак. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах (Новогород, Новогородок, Новый Городок) адносіцца да 1044 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1511 г.

Пра Навагрудак як цэнтр палітычнага, рэлігійнага, літаратурнага і іншых галін жыцця існуе багаты спектр рознага рода інфармацыі, які дапаможа нам адчуць подых гісторыі і ў нейкай ступені – вечнасці, калі мы пасля азнаямлення з ім аднойчы станем на Замкавай гары супраць фарнага касцёла, у якім у свой час ахрысцілі Адама Міцкевіча, ці ўздымемся на Курган Бессмяротнасці ў гонар таго ж Міцкевіча. Хто сур’ёзна не наведае Навагрудак з яго музеямі, архітэктурнымі помнікамі, курганамі, руінамі і рэшткамі замкаў і г.д., таму не дадзена глыбока спасцігнуць і таямніцу ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага.

 

Герб

Ліда. Цэнтр Лідскага раёна Гро­дзенскай вобл., на р. Лідзеі. Датай ўзнікнення горада лічыцца 1323 г. – пачатак будаўніцтва Лідскага замка, лепшую выяву якога ўтрымлівае акварэль Юзафа Пешкі (XVIII ст.). Магдэбургскае права горад атрымаў у 1587 г.

Тут варта азнаёміцца з такімі помнікамі архітэктуры, як Крыжаўздвіжанскі касцёл і Іосіфаўскі касцёл піяраў. Варта пацікавіцца такімі вырабамі народных майстроў, як лідскія куфры (XIX – 1-я палова XX ст.). І не забудзем, што Ліда ў асобе спадара Станіслава Судніка выратавала орган ТБМ імя Францыска Скарыны газету «Наша слова», якая там выходзіць і сёння.

 

Картинки по запросу

Любча. Гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл., на левым беразе Нёмана. Упершыню згадваецца ў нямецкіх хроніках як аб’ект ваенных паходаў крыжакоў у 1401 г. Магдэбургскае права атрымаў ў 1590 г. Любчанскі замак на высокім левым беразе Нёмана існаваў у XVI – пачатку XIX ст. У якім выглядзе замак існаваў у пачатку XIX ст., можам меркаваць па акварэлі Юзафа Пешкі. Сёння там вядуцца рэстаўрацыйныя работы, у асноўным сіламі валанцёраў.

Ад шырокай і бясконцай прасторы, калі вы стаіце на высокім беразе, непадалёк ад замкавай вежы, над выгінам Нёмана, у вас і сёння тут захоплівае дух. І яшчэ. У Любчанскай друкарні (XVII ст.) сярод розных кніг на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. былі надрукаваны зборнік беларускіх прыказак С. Рысінскага (1618) і «Статут Слуцкай школы» (1628).

 

Герб городского поселка Острина

Астрына. Гарадскі пасёлак у Шчу­чынскім раёне Гродзенскай вобл. Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1450 г., магдэбургскае права атрымана ў 1641 г. У XV – пачатку XVI ст. належаў да каралеўскага ўладання. Тут помнік Цётцы (Элаізе Пашкевіч) – выдатнай беларускай паэтцы, патрыётцы і рэвалюцыянерцы (1876–1916 гг.).

Мальча. Мястэчка Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Магдэбургскае права атрымала ў 1645 г. Вядома ў свой час барацьбой жыхароў за вызваленне з-пад прыгнёту, супраць уціску мясцовай адміністрацыі (1805–1823). Гэта звесткі мінулага. Іншых якіх звестак сённяшняга дня пакуль не выяўлена.

 

Флаг городского поселка Радунь
Радунь. 
Гарадскі пасёлак у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў 1387 г. у грамаце Ягайлы як горад Радыня. Магдэбургскае права атрымана ў 1649 г. Непадалёк ад Радуні ў XIV–XVII стст. існаваў Радунскі замак. Захаваліся сляды замчышча.
Герб агрогородка Жировичи
Жыровічы, Жыровіцы. 
Вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобл. Вядомая з 2-й паловы XV ст. як прыватнаўласніцкае паселішча падскарбія А. Солтана. У 1652 г. атрымала магдэбургскае права. Апроч Успенскага мужчынскага манастыра (XVI ст.), Жыровіцкага евангелля – беларускага рукапіснага помніка (XV ст.), Жыровіцкага абраза Маці Божай (XV ст.), Жыровічы знакаміты былі і школьным тэатрам (сярэдзіна XVIII ст.), асабліва беларуска-польскай уніяцкай інтэрмедыяй «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.

 

Герб города Ошмяны

Ашмяны. Горад, цэнтр Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл. Вядомы з 1341 г. як замак вялікіх князёў ВКЛ. Магдэбургскае права атрымаў у 1792 г. Ёсць звесткі, што статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта у канцы XIV, а магдэбургскае права (першапачаткова) – на пачатку XVI ст. Помнікі архітэктуры XIX ст. – царква і карчма. У горадзе працуе краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча (1840–1900 гг.).

 

Герб

Воўпа. Вёска ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянцы. Вядома з 1-й паловы XV ст. як уладанне вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. – напярэдадні III падзелу Рэчы Паспалітай, што спараджала пратэстныя настроі мясцовага насельніцтва супраць Расіі, а потым актывізавала яго на паўстанні. Цікавым архітэктурным аб’ектам тут бачыцца касцёл Іаана Хрысціцеля (1773 г.) – помнік драўлянага дойлідства позняга барока.

 

Герб

Геранёны. Вёска ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. як Геранёны Мураваныя. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (XV–XVI стст.).

Герб

Прывалкі (Прывалка). Вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага раёна. Вядома з XVI ст. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Шкаплернай і Святых Сымона і Тадэвуша (1919 г.).

 

Герб деревни Цирин
Цырын. Вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Сэрвачы. Вядома з 1432 г. як шляхецкае, потым як дзяржаўнае ўладанне. Магдэбургскае права мела, верагодна, у XVII ст., а пацверджана ў 1792 г. Помнік архітэктуры: Свята-Міхайлаўская царква.

 

Новы Двор. Вёска, цэнтр сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. З 1720 г. – мястэчка; магдэбургскае права, верагодна, – з 1792 г. Жыхары мястэчка бралі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. А ў 1863 г. каля Новага Двара паўстанцкі атрад Лідскага павета на чале з Л. Нарбутам быў разбіты царскімі войскамі.

Гербы і сцягі Гарадзенскай вобласці

//Яўген Гучок, istpravdaru


Читайте также:

  1.  gen

    0

    0

    @ Андрей Эйвинд:
    Спасибо за интересную статью посреди этого часовщиково-бытового безобразия

Оставить комментарий


Вы должны залогиниться чтобы оставить комментарий.


Поиск


Популярное за неделю



Афиша Гродно

Отдых в Гродно




Отзывы о заведениях



  • Архив

    Октябрь 2017
    ПнВтСрЧтПтСбВс
    « Сен  
     1
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    3031 

  • Кейворды

    880-летие Гродно s13.ru y аварии Августовский канал автомобили акция аналитика армия аукцион афиша Без комментариев Без рубрики Беларусь Берестовица бизнес благотворительность благоустройство блоги БРСМ велосипед Вечерний Гродно видео власть Волковыск Вороново впечатления выборы выставки газета ГАИ граница ГрГУ Гродзенская праўда гродненские пункты общепита гродненцы Гродно дата Деловой интернет День рождения форума деньги дети дискуссия дороги Дятлово Европа животные ЖКХ закон здоровье Зельва Ивье интервью интересно знать интересно почитать интернет инфраструктура искусство история картинки карты кино Китай клубы книги конкурс концерт Кореличи криминал культура Лида Литва люди магазины милиция мнение мобильные операторы мова Мосты мотоциклы музей музыка МЧС мысли назначения налоги наука недвижимость Новогрудок новости новости города новый год Ночной Город образование Островец отдых официально Ошмяны памятники архитектуры планы погода пожар политика Польша почитаем праздник презентация пресс-релиз преступление природа проблемы производство происшествия путешествия работа радио раскопки регион рейтинг реклама реконструкция религия ремонт репортаж реставрация ржунимагу Рождество розыск Россия рынок сайты Свислочь сельское хозяйство семинар скачать Скидель Слоним слухи Сморгонь снос события соревнования социальное спорт ссылки статистика строительство субкультура США такое было Таможня театр телевизор технологии трагедия транспорт туризм увлечения Украина услуги файл фестиваль фото фотоблог фотографии старого Гродно цены цифры что-то не так Щучин экология экономика экскурсии ярмарка

    Вчера: идет загрузка... посещения, идет загрузка... просмотров страниц. По независимым данным Яндекс.Метрики, без учета гостевого доступа провайдеров.